Жыхары сталічнага прыватнага сектара Грушаўка патрабуюць выканання ўказаў прэзідэнта №№ 58 і 231 па выдзяленні зямельных участкаў для ўладальнікаў дамоў, якія ідуць пад знос. Пра гэта 23 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў член ініцыятыўнай групы Ігар Ласіца. 

Ён адзначыў, што ў Мінску робіцца акцэнт на шматпавярховую жылую забудову. «Ва ўсім свеце лічыцца, што жыць у велізарным мурашніку кепска, там жывуць толькі бедныя і няшчасныя, хто не можа дазволіць сабе жыць нармальна. Усюды нармальным лічыцца жыць у адна-двух-трохпавярховых доміках з газонам і садам. У нас — трэба з горада іх выкінуць і набудаваць 20-30-павярховыя дамы. Вось гэта лічыцца развіццём, — сказаў Ласіца. — Мы прапаноўвалі сталічным уладам захаваць сядзібную забудову, але да нас не прыслухоўваюцца». 

Ён адзначыў, што, згодна з указам № 58, «той, каго зносяць» мае сярод іншых варыянтаў права атрымаць участак зямлі ў горадзе для будаўніцтва новага сядзібнага дома. «Мы прапаноўвалі зарэзерваваць для гэтага землі ў пасёлку Веснінка. Прадугледжвалася яшчэ ў 2009 годзе, што Мінгарвыканкам павінен вызначыць гэтыя ўчасткі зямлі. Нічога не зроблена, і рабіць не трэба, таму што так зручна», — падкрэсліў актывіст. 

На яго думку, сталічныя ўлады лічаць, што ў горадзе ў сядзібе можа жыць толькі вельмі багаты чалавек, што супярэчыць сусветнай горадабудаўнічай практыцы. «Нам жа ўнушаюць, што мы ў гэтых дамах жывем часова. Мы змагаемся з гэтым. Наадварот, трэба рассяляць велізарныя мурашнікі, каменныя гета ў малапавярховую забудову. А цяпер даць магчымасць людзям будаваць сядзібы, і толькі па мінімуму — шматпавярхоўкі», — лічыць актывіст. 

Ініцыятыўная група звярнулася ў Савет міністраў, у Адміністрацыю прэзідэнта, у Мінгарвыканкам, каб праясніць гэтае пытанне. «Мы бачым, што будаўнічая мафія ўсё робіць, каб даручэнні і ўказы прэзідэнта не выконваліся», — лічыць Ласіца.

Чытаць таксама: Сям'я, якая амаль 150 гадоў жыве на Грушаўцы: Мы ніколі нічога не прасілі ў дзяржавы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?