Былы правадыр украінскай арганізацыі «Правы сектар», дэпутат Дзмітро Яраш заявіў аб выхадзе з арганізацыі і аб стварэнні новага грамадска-палітычнага руху.

«Прыняў важнае рашэнне. Дзякуй сваім баявым пабрацімам за давер!» — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook і падаў спасылку на відэа на старонцы «Сектар праўды».

«Я разам з маёй камандай сыходжу з Нацыянальна-вызвольнага руху «Правы сектар». Мы ініцыюем стварэнне новага грамадска-палітычнага руху, устаноўчы з'езд якога плануецца на люты. Працуем цяпер над яго развіццём, канцэпцыяй дзейнасці, праграмнымі прынцыпамі», — гаворыцца ў заяве Яраша.

«Незалежнасць, справядлівасць і дабрабыт» называюцца ў якасці базавых каштоўнасцей новага руху.

Ён таксама абвясціў, што 5-й і 8-й батальёны Добраахвотніцкага корпуса «Правы сектар» і медыцынскі батальён «гаспітальераў» рэарганізоўваць у Добраахвотніцкую ўкраінскую армію, якая будзе адной са структур стваранага новага руху. Яраш паабяцаў цесную супрацу з дзяржаўнымі сілавымі структурамі.

Што да «Правага сектара», дык Яраш адзначыў, што ён паўстаў «як рэвалюцыйная структура — падчас рэвалюцыі і дзеля рэвалюцыі».

«Гэтая рэвалюцыя не была скончаная, і завяршэнне яе — стварэнне Украінскай самастойнай саборнай дзяржавы — з незалежных ад нас прычын, галоўнай сярод якіх з'яўляецца вайна з расійскім агрэсарам, адклалася ў часе. Таму я лічу, што на сёння ПС як рэвалюцыйная структура выканаў сваю місію, і выканаў яе па поўнай», — адзначыў Яраш.

«Цяпер настаў час засяродзіцца на дзяржаўных рэчах. Наш рух вырас, адужэў і пераходзіць на новы этап свайго развіцця. Цяпер мы хочам паўстаць не як вузка-функцыянальны, а як агульнанацыянальны патрыятычны рух, з мэтай аб'яднаць усіх патрыётаў Украіны. Без радыкалізму на мяжы з маргінэсам, але і без ліберальнай дэмагогіі», — падкрэсліў Яраш.

«Наша задача — двуадзіная: захаваць існуючую дзяржава як плацдарм для атрымання нацыянальнай дзяржаўнасці і правесці ў ёй рэвалюцыйныя змены, якія забяспечаць ўкраінскага народу свабоду, справядлівасць і дабрабыт», — адзначыў Яраш.

Яраш дадаў, што рух «не адмаўляецца ад рэвалюцыйнага шляху, але катэгарычна адмаўляе псеўдарэвалюцыйную дзейнасць, якая пагражае існаванню дзяржавы Украіна і пляміць рэпутацыю патрыётаў».

«Мы апазіцыйныя да дзеючай улады, але не лічым мэтазгоднымі крывавыя (і асуджаныя на паразу) бунты супраць яе», — адзначыў Яраш.

Выхадзец з усходу Украіны, Яраш стаў папулярным у асяроддзі рэвалюцыйнай моладзі ў часе Еўрамайдану.

Калі Расія захапіла Крым і частку Данбаса, Яраш пайшоў на фронт, быў паранены.

Дэпутатам Вярхоўнай Рады яго абралі ад Днепрапятроўскай вобласці.

Як палітык, Яраш катэгарычна асуджаў зрастанне часткі мясцовых структур «Правага сектара» з мясцовымі кланамі і крыміналітэтам, як тое адбылося, у прыватнасці, у Закарпацці. Сам Яраш стаіць на памяркоўна-дзяржаўніцкіх пазіцыях. Ягоная ідэалогія блізкая да еўрапейскіх кансерватараў і хрысціянскіх дэмакратаў. Пры гэтых ягоныя структуры захоўваюць атрыбутыку «правадырызму», уласцівую арганізацыям украінскіх нацыяналістаў першай паловы ХХ ст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?