Беларуска Надзея Кучар дэбютавала ў Берлінскай оперы ў галоўнай ролі ў «Травіяце».

Staatsoper Berlin застаецца на рэканструкцыі і дае спектаклі на часовай сцэне ў Schiller-Theater.

Як піша выданне Resmusica, беларускай спявачцы прыйшлося рыхтаваць спектакль спехам. Ёй давялося падмяніць Соню Янчаву, якая не змагла заспяваць. Resmusica гэтым тлумачыць «трохі пасіўную манеру» выканання, але адзначае і «выключнае валоданне голасам», «дасканалае авалоданне ўсімі тэхнічнымі стаўкамі ролі», бездакорнасць «як у лініях, так і ў высокіх нотах, і ў жвавасці дыялогу».

Раней беларуская оперная спявачка Надзея Кучар трыумфальна дэбютавала ў Вялікім Тэатры Жэневы.

Сезон там адкрыўся патрыятычнай операй Джаакіна Расіні «Вільгельм Тэль». Пастаноўка цягнецца «нудна і сонна, — піша выданне resmusica.com, — пакуль на сцэне не з'яўляецца Надзея Кучар у ролі Матыльды і не пачынае спяваць». «Яе голас выключна лёгкі, а прыгажосць лініі спеву нагадвае Кацю Рычарэлі, якая выконвала на жэнеўскай сцэне тую самую ролю ў верасні 1979 года!» — усклікае рэцэнзент.

Надзея Кучар вырасла ў Беларусі. Яна скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі па спецыяльнасці «музыказнаўства», але пасля вырашыла паступіць у кансерваторыю Санкт-Пецярбурга на вакал.

Яна спявала ў Мінску, Пермі, выйграла прэстыжны міжнародны конкурс у Кардыфе (Валія) і, мяркуюць крытыкі, яе чакае бліскучая міжнародная кар'ера. Магчыма, з Беларусі ўзышла зорка, роўных якой яшчэ не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?