Каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў мае з'явіцца ў міліцыю сёння да 14-й гадзіны. Якое адміністрацыйнае правапарушэнне ён мог здзейсьніць, хлопец не ўяўляе.

16 лістапада Андрэй праводзіў у Наваполацку пікет, прысвечаны зніклым палітыкам. Але за гэты ўчынак яго ўжо асудзілі 30 лістапада. Суд пастанавіў прызнаць Андрэя Гайдукова вінаватым на падставе часткі 3 артыкула 23.34 КаАП і пакараць яго штрафам у памеры 45 базавых велічынь (8,1 млн рублёў). Справу разглядала суддзя Алёна Верташонак. Сведкамі былі прадстаўнік наваполацкага гарвыканкама Уладзімір Бяляеў і міліцыянт Аляксандр Барэткін.

Андрэй Гайдукоў спрабуе абскардзіць пастанову Наваполацкага суда, разгляд ягонай касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе прызначаны на 13 студзеня.

«Падставаў для цяперашняга выкліку ў міліцыю я нават не ўяўляю. Палітычных акцыяў не было. Я хіба што ўдзельнічаў у кампаніі «За якасную медыцыну», якую абвясціў і праводзіць аргкамітэт па стварэнні БХД. Абсалютна ніякіх правінаў я за сабой не адчуваю», — сказаў Андрэй Гайдукоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?