Умовы пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь у 2016 годзе не пагоршацца, заявіла БелаПАН прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка.
Паводле яе слоў, такую выснову можна зрабіць на аснове падпісаных з расійскімі нафтавымі кампаніямі кантрактаў.
«Заключэнне дагавораў практычна завершанае», — сказала прэс-сакратар.
На пытанне аб цане нафты для Беларусі яна адказала: «Цана ў сувязі з прыпыненнем падатковага манеўру пакуль застаецца такой жа, на ўзроўні 2015 года. Але вядзецца праца па ўліку ў цане якасці нафты, і пакуль яна не завершаная. Вы ведаеце, што якасць нафты пагаршаецца, пра што гавораць і расійскія нафтавікі, і расійскія СМІ, яна становіцца больш цяжкай, што выклікае пэўныя пытанні».
Яна таксама зазначыла, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць у штатным рэжыме. «Загрузка беларускіх НПЗ у канцы снежня — студзені не выклікае сумненняў», — сказала Касцючэнка.





