Новы год нездарма называюць казачным святам. Ён абнаўляе прывычны свет, прыўносіць цудоўную атмасферу ўрачыстасці. Тое, што здавалася шэрым і сумным, раптам пачынае іграць яркімі фарбамі.

У гэты момант разумееш, як важна любіць і цаніць жыццё, якое яно цудоўнае і цікавае, якое непаўторнае кожнае яго імгненне.

Адыходзячы год нагадаў усяму свету простую ісціну, якую многія сталі забываць. Жыццё - найвялікшая каштоўнасць на зямлі. І права на яго - самае галоўнае з усіх правоў чалавека. На жаль, менавіта яно ў сучасным свеце знаходзіцца пад найбольшай пагрозай.

За апошні год свет не стаў спакайнейшым. Ад тэрактаў і ваенных канфліктаў гіне ўсё больш людзей. У самых розных кутках планеты ўсё гучней галасы тых палітыкаў, хто ставіць свае амбіцыі вышэй за дабрабыт народаў.

Відавочна, што старое светаўладкаванне разбураецца. Ідзе новы перадзел свету, які не прынясе людзям нічога, акрамя бед і пакут.

У гэтай абстаноўцы мы яшчэ вастрэй адчуваем велізарную каштоўнасць спакою, міру і згоды ў нашай краіне. На вялікае шчасце, нам удаецца ўберагчы Беларусь ад войнаў, тэрарызму і ўнутранай смуты. Дапамагае нам у гэтым і гістарычная памяць народа, які перажыў на сваім вяку неймаверныя пакуты і незаменныя страты.

Сімвалічна, што ў адыходзячым годзе, захоўваючы сувязь гераічнага мінулага з сучасным, мы адсвяткавалі 70-годдзе Вялікай Перамогі. Яе лёсавызначальнае значэнне для Беларусі застаецца адвечным. І колькі б гадоў ні мінула, мы заўсёды будзем шанаваць подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія вызвалілі родную зямлю і заваявалі незалежнасць.

Дарагія сябры!

У 2015 годзе ў нас прайшлі прэзідэнцкія выбары. Мы выбіралі наш шлях, наш лёс на бліжэйшыя пяць гадоў. У кожнага была магчымасць спакойна ўспомніць мінулае, ацаніць сучаснае і вызначыць сваю будучыню.

Мы разам выбралі мір і парадак, спакой і прадказальнасць, свабоду і незалежнасць Беларусі.

Сёння грамадства чакае руху наперад. Скажу цвёрда: Беларусь пойдзе шляхам развіцця і прагрэсу. Гэта будуць разумныя перамены, зразумелыя людзям, а не шлях абвалу, ломкі і рэвалюцый.

Мы не маем права страціць нашы галоўныя каштоўнасці - згоду ў грамадстве, адзінства народа і суверэнітэт краіны.

Сёння ўсім нам няпроста. Войны і разлад у свеце вядуць да крызісу ў эканоміцы. У дваццаць першым стагоддзі ўсе краіны звязаны паміж сабой тысячамі ніцей. Беды і непарадкі ў бліжэйшых і далёкіх суседзяў неадкладна б'юць і па нашай краіне.

Няма ніякіх сумненняў - калі мы захаваем адзінства грамадства, то, як і ў папярэднія гады, пераадолеем любыя цяжкасці і выпрабаванні.

Нам усім неабходна быць больш уважлівымі і добрымі адзін да аднаго. Давайце не будзем растрачваць сілы на крыўды, папрокі і сваркі.

У патоку штодзённай мітусні і клопатаў кожнаму з нас варта задумацца і азірнуцца вакол.

Мы ўбачым прыгожую краіну, нашу родную беларускую зямлю, мноства слаўных і добрых людзей. І зразумеем самае галоўнае - кожны дзень адбываецца цуд: нараджаюцца дзеці. А з імі - новыя надзеі і новая будучыня.

Стагоддзямі людзі спрачаліся аб тым, для чаго народжаны чалавек, у чым сэнс яго жыцця. Верагодна, гэтыя разважанні будуць прадаўжацца да таго часу, пакуль існуе чалавецтва.

Але, напэўна, я не паграшу супраць ісціны, калі скажу - чалавек народжаны для радасці і шчасця. Толькі парадокс у тым, што часам людзі шукаюць шчасце ў далёкіх далях, не заўважаючы, што яно зусім побач. Яго можна знайсці ў працы, творчасці, спорце, у сваім жыцці, у дзецях. Важна ўмець своечасова разгледзець яго, і галоўнае – не прайсці міма.

Таму маё самае галоўнае навагодняе пажаданне кожнаму з вас - знайдзіце сваё шчасце і не прайдзіце міма яго! Цаніце жыццё, цаніце кожнае яго імгненне, радуйцеся і дзяліцеся радасцю з тымі, хто побач.

У апошнія хвіліны адыходзячага года мне хочацца пажадаць дабрабыту вам і вашым дзецям.

Мае асаблівыя віншаванні нашым любімым, непаўторным беларускім жанчынам. Няхай вашы прыгажосць, абаянне і цяпло сэрцаў азараюць нас кожную хвіліну.

Ад усёй душы віншую:

ветэранаў, пажылых людзей, якія абаранілі і ўзнялі з руін нашу Радзіму, стварылі фундамент яе развіцця;

рабочых, сялян, будаўнікоў, інжынераў, вучоных, якія сваёй працай прымнажаюць багацце краіны;

урачоў і настаўнікаў, якія дораць нам здароўе фізічнае і духоўнае;

радавых і афіцэраў, усіх, хто служыць дзяржаве, ахоўвае незалежнасць, мір і парадак у Беларусі!

І няхай чароўнае ласкавае святло навагодняга свята не згасае ўвесь будучы год!

Здароўя, любві, дабра вам, дарагія сябры!

З Новым годам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?