Канцлер Германіі Ангела Меркель у сваім навагоднім звароце заклікала суграмадзян глядзець на прыток нелегальных мігрантаў у краіну як на карысць для эканомікі.
Прывёўшы ў прыклад краіны, якія эканамічна выйгралі ад прытоку мігрантаў, Меркель назвала прыбыццё мільёна суіскальнікаў прытулку ў краіну «шанцам для заўтрашняга дня».
Прызнаўшы, што інтэграцыя такой колькасці мігрантаў стане выпрабаваннем для Германіі, Меркель заклікала немцаў да адзінства.
«У наступным годзе будзе асабліва важная адна рэч: згода паміж намі. Вельмі важна, каб мы не дазволілі сабе падзяліцца», - сказала канцлер.
У Германію на працягу 2015 прыбыло больш за мільён чалавек з краін, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў, а таксама эканамічных мігрантаў. Канцлер Ангела Меркель паслядоўна прытрымлівалася палітыкі «адчыненых дзвярэй», заклікаючы краіны Еўрасаюза больш ахвотна прымаць бежанцаў.
З усіх еўрапейскіх краін Германія прыняла найбольшую колькасць мігрантаў.





