Мільярды людзей ва ўсім свеце сустрэлі Новы 2016 год з радасцю і надзеямі.
Аднак у краінах, якія вядуць вайну супраць тэрарызму і ісламскіх фанатыкаў, улады і жыхары вымушаныя былі захоўваць пільнасць.
За некалькі гадзін да Новага года паліцыя закрыла два галоўныя вакзалы Мюнхена, бо атрымала «вельмі канкржтную інфармацыю» ад разведкі адной з сяброўскіх краін пра намер Ісламскай дзяржавы здзейсніць на Новы год тэракт у баварскім горадзе. Аднак нічога ў горадзе ў выніку не здарылася. Вакзалы адкрыліся наноў а 5.45.
Нягледзячы на засцярогі паліцыі, тысячы людзей выйшлі на вуліцы Мюнхена з феерверкамі. Гэта была свайго роду дэманстрацыя пагарды да ісламістаў.
З прычыны пагрозы тэрактаў масавыя святкаванні былі адмененыя ў Парыжы і Брусэлі. Тым не менш, сотні тысяч парыжан выйшлі на Елісейскія палі, дэманструючы, што страху няма.
У сваім навагоднім звароце прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд сказаў, што Францыя «яшчэ не пакончыла з тэрарызмам» і што «захоўваецца на найвышэйшым узроўні пагроза новых атак».
Бельгійская паліцыя затрымала яшчэ пяць падазраваных у тэрарыстычных намераў і дзясятага падазраванага па справе парыжскіх тэрактаў.
Ва ўмовах антытэрарыстычнай пільнасці сустрэлі Новы год і ў Нью-Ёрку.





