Каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў аштрафаваны на 2 базавыя велічыні за распаўсюджванне ўлётак.

Як паведамляе сайт праваабаронцаў www.spring96.org, распачатую ў дачыненні да яго адміністрацыйную справу разглядаў намеснік начальніка наваполацкай міліцыі Уладзімір Быкаў. Актывіст вінаватым сябе не прызнаў і доказы міліцыі лічыць неабгрунтаванымі.

30 снежня на Гайдукова быў складзены пратакол па ч. 2 арт. 21.14 КоАП (парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Яго абвінавацілі ў распаўсюджванні ўлётак аб кампаніі «За якасную медыцыну».

Да матэрыялаў справы міліцыянеры далучылі паказанні «жанчыны, якая пажадала застацца невядомай». Яна паказала, што 15 снежня бачыла «хлопца, які расклейваў улёткі». З гарадскога аддзела міліцыі быў адпраўлены запыт камунальшчыкам, ці звяртаўся да іх хто-небудзь па дазвол на размяшчэнне ўлётак на спецыяльных інфармацыйных стэндах, якія размешчаныя ў дварах і каля пад'ездаў жылых дамоў. Адмоўны адказ у ЖЭС № 1 таксама прыкладзены да справы. У ім ёсць і яшчэ адзін матэрыял, які Андрэй Гайдукоў лічыць зусім недарэчным — раздрукоўка артыкула з сайта http://bchd.info, у якім размова ішла аб тым, што 21 снежня ў Наваполацку праходзіў збор подпісаў у межах кампаніі «За якасную медыцыну». Якое дачыненне гэтая падзея мае да ўлётак, Гайдукову не растлумачылі.

Месяц таму Гайдукоў ужо быў аштрафаваны за тое, што 16 лістапада праводзіў у Наваполацку пікет, прысвечаны зніклым палітыкам. Цяпер ён спрабуе абскардзіць рашэнне Наваполацкага суда. Разгляд касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе прызначаны на 13 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?