У Гродне каля крамы скралі пародзістага сабаку, паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.
«Ленінскі РАУС Гродна шукае дваіх мужчын, якія падазраюцца ў крадзяжы сабакі пароды джэк-расэл-тэр'ер, які прапаў у раёне вул. Ліможа каля 22.30 1 студзеня. Гэта першае злачынства, здзейсненае ў 2016 годзе», — адзначылі ва ўпраўленні ўнутраных спраў.
Як паведамілі ва УУС, двое мужчын ўвайшлі ў краму «Алмі». Пасля сканчэння пакупак ўбачылі ў тамбуры ўніверсама пародзістага сабаку. На відэа відаць, што яго гаспадар зайшоў у гандлёвы аб'ект, прывязаў сабаку да парэнчаў і адправіўся за прадуктамі. Праз некалькі хвілін камера над уваходам фіксуе, як з сабакам выходзяць двое грамадзян.
Тых, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй, просяць патэлефанаваць: 8 (01512) 79-70-44, 79-74-64 або 102. Самім жа грамадзянам рэкамендуецца прыйсці ў міліцыю і даць тлумачэнні з нагоды інцыдэнту.