Цырымонія шлюбу ў царкве праходзіла 2 студзеня ў вузкім сямейным коле, на мерапрыемства прыбылі прыкладна 40 гасцей.

Цырымонія праходзіла ў царкве святой Ганны ў Халістэ. Гэтая царква размяшчаецца на поўдні краіны непадалёк ад мяжы з Латвіяй і лічыцца адной з найбольш прыгожых і цікавых у Эстоніі.

Сама цырымонія была закрытая для прадстаўнікоў прэсы, але пасля яе маладыя дазволілі сябе сфатаграфаваць шматлікім журналістам, якія дзяжурылі каля царквы.

Ева Купцэ афіцыйна стала першай лэдзі Эстоніі. Яна ўзяла прозвішча мужа, і цяпер афіцыйна з'яўляецца Евай Ільвес.

Цырымонія шлюбу пачалася каля 17:00. За некалькі гадзін да вянчання каля царквы сабраліся журналісты і мясцовыя жыхары, некаторыя з іх прынеслі сцягі Эстоніі. На месца прыбыла і паліцыя з сабакамі для праверкі ваколіц.

Гаспадыня царквы Аіта Лакс распавяла, што ўжо з 8 гадзін раніцы ў храме працавалі чатыры газавыя абагравальнікі, бо яшчэ ўчора ў царкве было гэтак жа холадна, як і на вуліцы. Да пачатку цырымоніі шлюбу за акном было мінус 15 градусаў, а тэмпература ў памяшканні складала 10 градусаў цяпла.

Перад царквой былі паднятыя сцягі абедзвюх краін — Эстоніі і Латвіі. Па словах Лакс, члены прыходу, журналісты і прысутныя не маглі ўбачыць вянчанне прэзідэнта — на цырымонію былі дапушчаныя толькі некалькі дзясяткаў гасцей з Латвіі і Эстоніі. Лакс таксама паведаміла, што вянчанне пройдзе на дзвюх мовах — эстонскай і латышскай.

Вянчанне Ільвеса і Купцэ правялі пробст Эстонскай евангеліцка-лютэранскай царквы і настаўнік царквы Халісте Марка Тыйтус і пробст з Латвіі Крыстс Калныньш.

Ева Купцэ з'яўляецца кіраўніком аддзела каардынацыі палітыкі нацыянальнай кібербяспекі Міністэрства абароны Латвіі.

Для прэзідэнта Эстоніі гэта будзе трэці шлюб. Ад папярэдніх шлюбаў у яго трое дзяцей.

Тэрмін паўнамоцтваў Ільвеса на прэзідэнцкай пасадзе заканчваецца ў жніўні наступнага года. Раней ён заявіў, што ў выпадку ўступлення ў шлюб з Купцэ да заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў яна адмовіцца ад усіх прывілеяў, якія належаць прэзідэнту Эстоніі, у тым ліку ад прадстаўніцкіх выдаткаў, сакратара і службовага аўтамабіля.

***

Тоомас Хендрык Ільвес 11 гадоў быў у шлюбе з Эвелін Ільвес. У жніўні 2014 года ў сям'і адбыўся разлад пасля таго, як Эвелін Ільвес сфатаграфавалі ў талінскім начным кафэ з іншым мужчынам - 28-гадовым французам Вінсэнтам Арэнагу. У красавіку 2015 яны прынялі рашэнне скасаваць шлюб.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?