Колькасць пацярпелых у аварыі на ралі-марафоне «Дакар» у Аргенціне павялічылася да 10 чалавек, паведамляюць інфармагенцтвы.

Трагедыя адбылася ў першы дзень марафону, 2 студзеня. Кітайская гоншчыца Го Мэйлін на павароце не справілася з кіраваннем, і яе аўтамабіль вылецеў за агароджу, дзе знаходзіліся гледачы. Найбольш сур'ёзныя траўмы атрымалі мужчына і яго 14-гадовы сын. У ліку пацярпелых таксама цяжарная жанчына.

Нагадаем, у гонцы ўдзельнічае беларуская каманда «МАЗ-СПОРТаўта», якая адправілася ў Лацінскую Амерыку 24 снежня. У гэтым годзе ралі праходзіць па тэрыторыі Аргенціны і Балівіі. Удзельнікі спаборніцтваў фінішуюць 16 студзеня ў аргентынскім Расарыа.

Беларусь у ралі-марафоне прадстаўляюць тры спартыўныя грузавікі — два асноўныя экіпажы і «хуткая тэхнічка» для аказання тэхпадтрымкі падчас гонкі. Як паведамілі БелаПАН на Мінскім аўтазаводзе, каманда ставіць перад сабой мэту трапіць у лік лідзіруючых экіпажаў. Разам з тым задача-мінімум - праехаць увесь маршрут і ўтрымацца ў першай дзясятцы. Штогод каля траціны ўдзельнікаў «Дакара» не даязджаюць да фінішу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?