За мінулыя суткі ў Беларусі пры пажарах загінулі 9 чалавек, з іх — 2 дзяцей. Чарговая трагедыя адбылася ў вёсцы Покапаўка Буда-Кашалёўскага раёна.

Як распавялі ў аператыўным штабе МНС, пажар у прыватным жылым доме здарыўся ўначы 4 студзеня.

Абставіны яго ўзнікнення, а таксама прычыны - усталёўваюцца. На месцы працуюць прадстаўнікі міністэрства МНС і Следчага камітэта.

Ужо дакладна вядома, што пры пажары загінулі тры чалавекі: 37-гадовая жанчына, жонка гаспадара дома, і яе 3-гадовы сын, а таксама 9-гадовая ўнучка гаспадара. Яшчэ адну дзяўчынку, 12-гадовую ўнучку гаспадара дома ўдалося выратаваць.

Усплёск пажараў у Беларусі з гібеллю людзей ратавальнікі звязваюць з прыходам моцных маразоў. Як адзначаюць у МНС, у катэгорыю рызыкі ў першую чаргу трапляюць жыхары прыватнага жылога сектара.

Рост пажараў у прыватным сектары пры наступе маразоў эксперты тлумачаць асаблівасцямі ўстаноўкі катлоў сістэм ацяплення ў недастаткова уцепленых памяшканнях. Пры рэзкім паніжэнні тэмпературы навакольнага паветра ўзнікае рызыка замярзання трубаправодаў, вада спыняе цыркуляваць, што рэзка павышае ціск у катле, а гэта можа прывесці да выбуху.

У МНС заклікаюць уладальнікаў прыватных сядзібных дамоў ставіцца ў гэтыя дні з асаблівай увагай да сваіх ацяпляльных сістэм, рэгулярна кантраляваць іх працу. Таксама ратавальнікі назвалі яшчэ адну частую прычыну ўзнікнення пажараў у прыватных дамах — перакал печы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?