Венесуэльская апазіцыя, якая атрымала па выніках выбараў 6 снежня большасць у парламенце, абрала старшынёй Нацыянальнай асамблеі генеральнага сакратара партыі «Дэмакратычнае дзеянне» Энры Рамаса. Яго кандыдатуру ў нядзелю падтрымалі 62 з 111 заканадаўцаў.

«Мы будзем самастойнай, а не супрацьдзейнай сілай. У нас няпросты парадак дня, але мы яго выканаем», — сказаў Рамас пасля абвяшчэння вынікаў.

Па выніках выбараў 6 снежня апазіцыя ў Венесуэле ўпершыню за 17 гадоў змагла атрымаць упэўненую перамогу на галасаванні агульнанацыянальнага маштабу. Атрымаўшы перавагу амаль у два мільёны галасоў, апазіцыйны Блок дэмакратычнага адзінства (БДА), у які, у прыватнасці, уваходзіць партыя «Дэмакратычнае дзеянне», заваяваў 109 з 167 месцаў у аднапалатнай Нацыянальнай асамблеі, яшчэ тры мандаты дасталіся прадстаўнікам карэннага насельніцтва, якіх апаненты чавістаў лічаць сваімі прыхільнікамі. Адзіная сацыялістычная партыя (ЕСП) Венесуэлы на чале з Мадурам атрымала 55 месцаў, на 41 менш, чым у парламенце ранейшага склікання.

Аднак у канцы снежня выбарчы камітэт Вярхоўнага суда Венесуэлы пастанавіў перагледзець вынікі выбараў у штаце Амасонас. У выніку тры дэпутаты ад БДА і адзін ад ЕСП не змогуць увайсці ў склад парламента, пакуль будзе разглядацца дадзеная справа.

Такім чынам апазіцыя на дадзены момант пазбавілася кваліфікаванай большасці ў 112 мандатаў, якая дазволіла б ёй адклікаць членаў Вярхоўнага суда, ініцыяваць працэс датэрміновага спынення паўнамоцтваў Мадуры і нават склікаць рэферэндум аб унясенні змяненняў у канстытуцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?