Народны дэпутат з фракцыі «Блок Пятра Парашэнкі» Мустафа Наем прапануе грамадзянам Украіны адмовіцца ад куплі прадукцыі кампаніі Coca-Cola з-за публікацыі яе расійскім філіялам карты РФ, у якую ўваходзіць акупаваны ўкраінскі Крым.

Справа ў тым, што напярэдадні Новага года на афіцыйнай старонцы Coca-Cola ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з’явілася святочная карта РФ. Аднак расійскім карыстальнікам яна падалася няпоўнай — пасля шматлікіх скаргаў кампанія абнавіла карту РФ, дадаўшы туды ўкраінскі паўвостраў Крым, а таксама Калінінградскую вобласць і Курыльскія астравы.

«Паважаныя ўдзельнікі суполкі! Мы прыносім шчырыя прабачэнні за сітуацыю, якая склалася. Карта выпраўленая! Спадзяёмся на вашае разуменне», — гаварылася ў паведамленні кампаніі.

Неўзабаве навіна разляцелася па сеціве і выклікала справядлівае абурэнне ўкраінцаў. Так, журналіст і дэпутат Мустафа Наем прапанаваў увогуле пачаць усенародны байкот прадукцыі кампаніі Coca-Cola.

«Кампанія Coca-Cola прынесла прабачэнні за публікацыю карты Расіі, на якой адсутнічае Крым, Калінінградская вобласць і Курыльскія астравы… вярнуўшы Крымскі паўвостраў у склад Расійскай Федэрацыі.

Прапаную грамадзянам Украіны ў адказ вярнуць кампанію Coca-Cola на зямлю і адмовіцца ад куплі прадуктаў кампаніі, заадно нагадаўшы, што ні ў адной краіне свету, у тым ліку на радзіме Coca-Cola (ЗША), Крым не прызнаецца тэрыторыяй Расіі, падзеі на паўвостраве называюцца акупацыяй, у сувязі з чым да РФ прымяняюцца эканамічныя санкцыі», — напісаў Наем на сваёй старонцы ў Facebook.

Акрамя гэтага, як адзначыў парламентарый, хацелася б даведацца, што думае пра гэтае прабачэнне кіраўніцтва ўкраінскага прадстаўніцтва кампаніі.

«Для даведкі. У партфелі ўкраінскага аддзялення кампаніі знаходзяцца наступныя прадукты і брэнды: Burn, Coca-Cola, Fanta, Sprite, BonAqua, Nestea, сокі Rich, BotaniQ і «Добрый», Schweppes. Асабіста я не стану больш купляць гэтую прадукцыю і заклікаю да гэтага ўсіх разважных суграмадзян, у тым ліку, сваіх сяброў і падпісчыкаў», — дадаў Наем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?