Калі глядзець з вышыні часу, звычайная паперка — ордар на арышт, што выдае НКВД. Вельмі лаканічная, з мінімумам друкаваных слоў: выдадзены, сапраўдны, даручаецца правесці ператрус і арышт. І ў самым канцы прыпіска: «Органам Савецкай улады і грамадзянам належыць аказваць законнае садзейнічанне прад'яўніку ордара, пры выкананні ім ускладзеных на яго даручэнняў».

Але як пераварочвала чалавеку ўсё жыццё, а часам ставіла ў ім канчатковую кропку гэтая праштампаваная і завізаваная патрэбнымі подпісамі паперчына!

10 жніўня 1937 года Веры Харужай, якая працавала ў той час загадчыцай Домам партасветы ў Балхашы (а яна так рвалася на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь — але не пусцілі) прад'явілі ордар пад нумарам 37.

Яна ведала, што гэта азначае. І, хутчэй за ўсё, здагадвалася, адкуль дзьме страшны вецер. Два гады таму, у 1935 годзе легендарную беларускую падпольшчыцу, заснавальніцу камсамола ў Заходняй Беларусі Веру Захараўну Харужую спрабавалі выключыць з партыі і пазбавілі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Нібыта за дапушчаную ў польскай турме памылку — залішнюю даверлівасць. (Хоць жаданне перацягнуць на свой бок ворага можна назваць і іншым словам).

Галоўным даносчыкам, што нярэдка здаралася ў тыя страшныя часы, выступіў першы муж Веры Захараўны — Скульскі, ён жа Мертэнс Станіслаў Адамовіч, нядаўні паплечнік па падпольнай барацьбе.

У 1937 годзе, калі па Веру прыйшлі, пільнага Скульскага ўжо не было ў жывых. Так распарадзіўся лёс, што ён (які сам, дарэчы, спазнаў чэкісцкага хлеба) з іх дваіх першым стаў ахвярай сталінскага тэрору. Трагічны парадокс — але, магчыма, менавіта дадзеная акалічнасць выратавала тады жыццё яго былой жонцы.

Зрэшты, гэта ўсяго толькі здагадкі, якія напрошваюцца пры чытанні пратакола судовага паседжання ад 14—15 жніўня 1939 года, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі. Праз два гады пасля арышту (увесь гэты час Вера знаходзілася ў турэмнай камеры ў Мінску) следчыя і суддзі вырашылі паставіць кропку ў справе шматпакутнай жанчыны.

Балазе ўсе кропкі над «i» ў яе судовым дасье былі практычна ўжо расстаўленыя. Узятую пад варту ўлюбёнку Крупскай абвінавачвалі па вельмі суровых артыкулах — 66, 68 п. «а» і 76 КК БССР — то бок як польскую шпіёнку і правакатарку. Аднак вінаватай сябе яна ні па адным пункце не прызнала.

Больш за тое, заходнебеларуская Пасіянарыя, якая паспела сем гадоў пасядзець у польскіх засценках, праявіла жалезную волю і — што тут хаваць — навыкі камунікацыі са следчымі.

Нават такая бясстрасная рэч, як пратакол суда, адлюстроўвае гэта. Далікатная жанчына з мужcкой вытрымкай запатрабавала вочнай стаўкі з тымі, хто спрабаваў абвінавачваць яе саму. Чатыром чалавекам хацела яна зірнуць у вочы: Лазару Аранштаму, Іосіфу Лагіновічу, былому мужу Станіславу Скульскаму і, нарэшце, Любові Янкоўскай, «якія ведаюць мяне на працягу ўсіх гадоў працы ў КПЗБ і могуць пацвердзіць маю недатычнасць да шпіёнска-правакатарскай групы ў КПЗБ, а таксама могуць сказаць, якія меры прымаліся імі супраць мяне для таго, каб выжыць мяне з КПЗБ, як непажаданую ім і небяспечную для іх шпіёнскай групоўкі».

Вось так: замест прызнання — контрпапрок, замест абароны — напад.

Цяжка сёння сказаць, па натхненні яна дзейнічала, або ў адпаведнасці з навінамі, атрыманымі ад іншых вязняў. Так ці інакш, трох галоўных яе абвінаваўцаў: Аранштама, Скульскага і Янкоўскую суд выклікаць ужо не мог, што і прызнаў у выглядзе непатрабавальна-абцякальнай фармулёўкі: «не ўяўляецца магчымым па незалежных ад ВТ прычынах».

І хоць на самой справе прычыны гвалтоўнага сыходу ў іншы свет непажаданых для Савецкай улады людзей яшчэ як залежалі ад праславутага ВТ, то бок Вайсковага трыбунала, для Веры Захараўны сутнасць сітуацыі была важнейшай за хітрую фармулёўку. Таму што дазваляла без усякай рызыкі сказаць скаржнікам фразу, якую адразу ж застэнаграфавалі старанныя сакратаркі Вайсковага трыбунала Беларускай Асаблівай вайсковай акругі.

Вера Харужая.

Вера Харужая.

Захаваўшы гутарковы стыль і не ўсюды паставіўшы коскі, але сутнасці сказанага гэта не змяняла: «У пачатку майго арышту я напісала заяву на імя ЦК ВКП(Б), у якой паказвала, што арышт мой з'яўляецца памылкай, а пасля я прыйшла да высновы, што арышт мой не быў памылкай, бо я працавала ў ЦК КПЗБ з групай правакатараў, якіх не магла разгледзець і своечасова раскрыць, гэта я лічу, з'яўляецца мая самая цяжкая віна перад партыяй, народам Польшчы і СССР».

І не баючыся ніякіх абвяржэнняў, голасна дадаць: «У дадатак маіх паказанняў я хацела сказаць, што пасля вяртання майго ў СССР я хацела назад паехаць на нелегальную партыйную працу ў Польшчу, але Мілер, які прыехаў неўзабаве з Польшчы, сказаў, што ты пачакай, падлячыся ў СССР і што цяпер рэвалюцыйны рух у Польшчы расце з кожным днём, а таксама вылучаюцца маладыя кіруючыя партыйныя работнікі і што ты, прыбыўшы у Польшчу, не будзеш займаць такое кіруючае месца, як раней.

А таксама Корчык, які прыехаў, калі даведаўся, што я маю зноў жаданне паехаць у Польшчу, пачаў мяне ўгаворваць, каб я не рвалася цяпер на працу ў Польшчу і што мы з табой павінны лічыцца і берагчы кіруючыя партыйныя кадры, таму што такіх работнікаў лічаныя адзінкі.

На гэта я Корчыку ўсё ж заявіла, што калі праз паўтара года я не буду пасланая зноў у Польшчу на нелегальную партыйную працу, то я буду ставіць пытанне перад Камінтэрнам.

На зробленую мною заяву Корчык апошні абяцаў мне пасля таго, як я адпачну, накіраваць мяне зноў у Польшчу, але гэта было толькі на словах, а на справе яны са Скульскім прынялі зусім іншае рашэнне, а менавіта прыбраць мяне з дарогі, каб я ім не замінала ў контррэвалюцыйнай працы ў КПЗБ».

Жорстка — без эківокаў і хітрыкаў. Не шкадуючы тых, хто пры жыцці шкадаваў цябе: «На партыйнай рабоце ў Польшчы я працавала з усім запалам і ўласцівымі якасцямі бальшавіку. Калі насуперак такім сволачам, як Скульскі і Корчык і іжа з імі, у Польшчы быў падняты рэвалюцыйны рух, то ў гэтым ёсць і мая заслуга».

Вельмі, вельмі добры ход — падкрэсліць на фоне варожых выхадак свае заслугі: «Калі я прыбыла ў Польшчу, там камсамола не было, але я яго стварыла сваімі ўласнымі рукамі і да сыходу майго ў турму ў Польшчы налічвалася каля 1500 камсамольцаў».

Тым больш, што дэмаралізаваць адзінага яшчэ жывога сведку Лагіновіча аказалася дастаткова проста. Проста ў твар выставіўшы яму сустрэчнае абвінавачванне: «Калі праходзілі выбары ў ЦК КПЗБ і Скульскі вылучаў Вашу кандыдатуру ў ЦК на пасаду сакратара ЦК КПЗБ, ці выступала я супраць Вашай кандыдатуры, абгрунтоўваючы гэта тым, што Вы чалавек, які толькі што прыйшоў з варожай нам партыі нацдэмаўшчыны і тое, што Вы чалавек, тэарэтычна дрэнна падрыхтаваны і слаба арыентаваўся ў абстаноўцы і не мог прымаць хуткага рашэння?».

На што выкліканы ў залу суда экс-паплечнік з нацдэмаўскім грашком за душой здолеў прамармытаць толькі сцвярджальна: «Так, такі выпадак быў, што Вера Харужая выступала супраць маёй кандыдатуры, выстаўленай Скульскім у ЦК КПЗБ».

Цяпер, калі ворагі пасаромленыя, галоўнае — каваць гарачае жалеза далей, да патрэбнага выніку.

«Мне адно толькі незразумела, тое, што ў абвінаваўчым заключэнні паказваецца, што я была польскай шпіёнкай і правакатарам. Для чаго мне гэта трэба было, абвінаваўчае заключэнне не дае прамых адказаў. Пытанне, для чаго мне трэба было быць польскай шпіёнкай, відаць для таго, каб сядзець у турме 7 гадоў, але каму гэта патрэбна такі гонар, каб сядзець 7 гадоў у турме. Сапраўдных шпіёнаў і правакатараў ў турме па 7 гадоў не трымаюць, а калі і трымаюць, то не больш за 2—3 месяцы.

На папярэднім следзтве мне не было зададзена ніводнага пытання — ці спрабавалі мяне завербаваць у агенты польскай разведкі падчас майго знаходжання ў турме. А гэты час знаходжання ў турме ў Польшчы работнікі дэфензівы спрабавалі мяне завербаваць, абяцаючы мне ўсё, што я хачу, але я гэта прыняла за аплявуху і дала на гэта катэгарычную адмову».

Начытаная вырасла дзяўчына, дачка памочніка паліцэйскага прыстава — ведала не толькі асновы канспірацыі і палітычнай палемікі, але і сусветную гісторыю.

«Ніхто мяне не мог супрацьпаставіць маёй Савецкай дзяржаве, а таму я ніколі не выдавала нікому таямніцы сваёй дзяржавы. Я хачу ўспомніць і прывесці тут, як казаў Людовік ХIV, нягледзячы на тое, што я знаходжуся ў турме. Людовік ХIV казаў: «дзяржава — гэта я!», і я хачу сказаць, што Савецкая дзяржава — гэта я!».

Ах, вера Веры — колькі ж у табе страсці, пафасу і апантанасці! «У рашэнні трыбунала будзе выказана, ці было гэта жыццё шпіёнкі і правакатара ці яшчэ каго, і калі трыбунал вынесе прысуд аб накіраванні мяне ў лагеры, я буду першым памочнікам кіраўніцтву лагераў, буду першай брыгадыркай стаханаўскага руху і таксама буду перагрызаць горла любому ворагу, які будзе спрабаваць праводзіць сваю працу».

Далікатная 36-гадовая жанчына так упэўнена кідала ў залу палымяныя словы, так мужна змагалася за свае гонар і годнасць, што судовы пратакол двухдзённага пасяджэння выйшаў падобным да крутога савецкага рамана з заключным апафеозам: «Калі я буду накіраваная ў лагеры, я не раскісну і не размачалюся. Ніхто мяне не зломіць і не адаб'е любові да нашай партыі і Савецкай дзяржавы. Я застануся такая ж, якая я ёсць на сённяшні дзень, да канца адданай нашай партыі, якая з'яўляецца для мяне самым дарагім у маім жыцці».

…І здарыўся аксамітным днём 15 жніўня 1939 года цуд. У гадзіну дня высокі суд у асобе вайсковых юрыстаў I і ІІІ рангу Сакалова і Пятрова, старэйшага палітрука Шэйнемана і вайсковага юрыста Склеянкова пайшоў на нараду. А роўна праз 60 хвілін старшынствуючы з сакратаром выйшлі ў залу і абвясцілі прысуд: «Мера стрымання ў дачыненні да падсуднай Харужай Веры судом змененая і апошняя з-пад варты вызваленая».

Маленькая зняволеная, «напаўсляпая і вельмі хворая», чыю следчую справу, па ўспамінах В.Паповай, члена КПСС з 1932 года, якая асабіста ведала яе, «груба і абразліва вёў таварыш па беларускай камсамольскай рабоце» (так-так, былы паплечнік, які хутка перайшоў па закліку партыі ў каты) магла адправіцца дадому. І нарэшце, прыціснуць да грудзей дачку, якой у момант арышту было ўсяго дзевяць месяцаў.

Напэўна, падобныя прэцэдэнты з выхадам на свабоду — рэдкія, як паранармальныя з'явы — дазвалялі спадзявацца на цуд астатнім зняволеным. Палітычным зняволеным, якіх таксама падтрымлівала вера, што непаразуменне рана ці позна высветліцца.

Зрэшты, у цуду ж таксама маецца подбіўка.

Арыштоўвалі Веру ў жніўні 1937-га, у самы разгар яжоўскіх працэсаў над старой ленінскай гвардыяй наогул і беларускай партарганізацыі у прыватнасці, калі не толькі першы і другі сакратары партыі В.Шаранговіч і Дзянiскiн, але і ўжо былыя старшыні ЦВК і СНК БССР А. Чарвякоў з М. Галадзедам былі абвешчаныя ворагамі народа. А вызвалялі пры Л. Берыі, якія вырашылі для пачатку адмежавацца ад дапушчаных несуцішным папярэднікам перагібаў. НКВД і таварыш Сталін любілі дэманстраваць народу кантрасты…

Да таго ж наспяваў вельмі важны вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь, пры якім маглі спатрэбіцца знаўцы тамтэйшай абстаноўкі. І нават, магчыма, прафесіяналы канспірацыі і нелегальнай справы.

Да таго ж Вера сказала выразна: перагрызе горла любому ворагу Савецкай улады. У паветры адчувальна пахла навальніцай. Страшнай і кровапралітнай, імя якой — вайна. Роўна праз тры гады, пакінуўшы маленькіх дзяцей на руках у сястры, Вера Захараўна Харужая пакіне Маскву і накіруецца па заданні партыі ў тыл немцаў, у Віцебск. А яшчэ праз два месяцы будзе закатаваная фашыстамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?