Чараду рашэнняў аб падтрымцы галін, якія аказаліся ў складаным фінансавым становішчы, працягнулі нарматыўна-прававыя акты па падтрымцы цэментных заводаў.

Асноўныя рашэнні пакуль засталіся за кадрам, бо яны зацверджаны распараджэннем прэзідэнта ад 24 снежня 2015 № 217рп «Аб адкрытых акцыянерных таварыствах цэментнай прамысловасці», а распараджэння не публікуюцца ў адкрытых крыніцах. Аднак у сераду Нацыянальны прававы партал апублікаваў пастанову ўрада № 1113 ад 30 снежня 2015 г. прынятае ў развіццё прэзідэнцкага распараджэння.

Урад прыняў рашэнне аб прадастаўленні ў 2015—2016 гадах гарантыі ўрада Беларусбанку і Белінвестбанку ў пагашэнні адкрытымі акцыянернымі таварыствамі «Беларускі цэментны завод», «Крычаўцэментнашыфер» і «Краснасельскбудматэрыялы» астатку асноўнага доўгу па крэдытах згодна з дадаткам (гаворка ідзе пра крэдыты на суму больш за 330 млн даляраў толькі ў валюце).

Таксама гарантыя распаўсюджваецца на выплату працэнтаў за карыстанне гэтымі крэдытамі, за выключэннем працэнтаў, што выплачваюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Міністэрству фінансаў даручана перааформіць у вызначаным парадку названыя гарантыі, адклікаўшы ранейшыя гарантыі ўрада.

Да прыкладу, як раней паведамлялася, мадэрнізацыя цэментнай галіны ў 2008—2013 гадах абышлася ў 1,2 млрд даляраў. Пры гэтым тры беларускія цэментныя заводы застаюцца стратнымі, уваходзяць у топ-25 самых стратных ААТ краіны. За тры кварталы гэтага года, па дадзеных Мінфіна, «Крычаўцэментнашыфер» атрымаў чыстую страту ў памеры 196,8 млрд рублёў, «Краснасельскбудматэрыялы» — 121,3 млрд, Беларускі цэментны завод — 99,4 млрд рублёў.

Як раней паведамлялася, у 2007—2008 гг. у разгар будаўнічага буму ў Беларусі быў дэфіцыт цэменту. Таму ўлады вырашылі павялічыць магутнасці, мадэрнізаваўшы дзейныя тры заводы. Тэхпераўзбраенне было часткова прафінансавана за кошт рэсурсаў Экспартна-імпартнага банка Кітая, генпадрадчыкам выступіла кітайская кампанія CITIC Construction. Тэрміны ўвядзення новых ліній на цэментных заводах некалькі разоў пераносіліся. Рэалізацыя маштабнага праекта дазволіла павялічыць сукупныя магутнасці беларускай цэментнай індустрыі да 9 млн тон у год. Аднак галіна перажывала крызісныя з'явы. Беларусі столькі цэменту было не трэба, а прадукт атрымліваецца ўсё роўна даволі дарагім. У выніку заводы церпяць страты, маючы сур'ёзную пазыковую нагрузку.

Складаная сітуацыя выклікала праведны гнеў Аляксандра Лукашэнкі — на нарадзе па праблемных пытаннях у будаўнічай галіны ў 2013 годзе ён абураўся: «Калі вы не можаце канкурыраваць на рынку са сваім цэментам, паўстае пытанне: навошта была патрэбна мадэрнізацыя? Мы мадэрнізавалі прадпрыемствы, каб быць канкурэнтаздольнымі, каб атрымаць высокай якасці прадукт і прадаць яго па добрай цане. У адваротным выпадку, навошта гэтая мадэрнізацыя, нана- і іншыя тэхналогіі? І як прадаем? Ніяк!» — заявіў тады кіраўнік дзяржавы.

«Гэта ўсё павінны запомніць: сутнасць мадэрнізацыі — гэта не толькі за танныя крэдыты або на вялікія грошы закупіць абсталяванне і вырабіць добрую прадукцыю. Канчатковы вынік мадэрнізацыі — гэта вырабіць прадукт і прадаць яго. Калі гэтага не будзе — гэта патройнае злачынства з нашага боку: мы загналі туды грошы, узялі замежныя крэдытныя лініі і атрымалі тавар, які нікому не патрэбны», — падкрэсліваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?