«Няма указанняў на тое, што гаворка ідзе пра асоб, якія размешчаны ў Кёльне ў якасці бежанцаў», — запэўнівала на прэс-канферэнцыі 5 студзеня обер-бургамістр Кёльна Генрыета Рэкер.

«У нас пакуль няма звестак пра злачынцаў», — паўтараў кіраўнік Кёльнскай паліцыі Вольфганг Альберс. Тым не менш пратаколы паліцыі і паказанні сведак даказваюць адваротнае: улады адпачатку ведалі, што большасць з тых, хто ўдзельнічаў у бясчынствах ў навагоднюю ноч у Кёльне — мужчыны-мігранты, піша «Нямецкая хваля».

Выглядае, што ўлады проста замоўчвалі гэты факт, каб не абвастраць міжэтнічных адносін. Германская эканоміка патрабуе працоўных рук, таму ўлады Нямеччыны былі гатовыя прымаць новых уцекачоў з Блізкага Усходу. Яны спадзяваліся, што большасць іх удасца інтэграваць у нямецкае грамадства, як адбывалася з ранейшымі хвалямі мігрантаў з былога СССР, Югаславіі і Турцыі.

Ранейшы падыход уладаў падтрымлівала большасць немцаў.

Аднак нахабныя паводзіны мігрантаў у Кёльне могуць змяніць нямецкую грамадскую думку.

У прэс-рэлізе, апублікаваным у першы дзень новага года, Кёльнская паліцыя паведаміла: «Нягледзячы на незапланаваны перапынак у святкаванні, атрымалася пазбегнуць напружанай сітуацыі — ужо і таму, што патрулі дэманстратыўна размяшчаліся ў ключавых месцах».

У чацвер здабыткам грамадскасці сталі рэальныя паліцэйскія пратаколы падзей на прывакзальнай плошчы ў Кёльне. Яны малююць зусім іншую карціну. У 23.30 паліцыя прыняла рашэнне ачысціць плошчу. Вось вытрымкі з пратаколу: «У ходзе аперацыі федэральных і зямельных паліцэйскіх абстрэльвалі ракетамі і закідвалі бутэлькамі. Паліцэйскім аказвалі фізічны супраціў, адначасова іх клікалі на дапамогу ахвяры крадзяжу і сэксуальных дамаганняў ў розных месцах плошчы. <…> Аднак прабіцца да ахвяр было цяжка, таму што вакол іх стваралі цеснае кола. Паліцыянты не маглі ўзяць пад кантроль усе злачынствы і дамаганні з-за вельмі вялікай іх колькасці адначасова».

Спробы вызначыць асобы падазраваных часцяком не давалі выніку. У большасці не было дакументаў. Іншыя падавалі замест пашпарта даведкі аб рэгістрацыі ў якасці бежанцаў. Паліцыянтам давялося пачуць і такую заяву: «Я сірыец, вы павінны са мной ветліва абыходзіцца. Мяне запрасіла спадарыня Меркель!»

У СМІ з'яўляецца ўсё больш паказанняў ахвяр і відавочцаў. Газета Express апублікавала аповяд адной з ахвяр. Мішэль 18 гадоў. Ёй пашанцавала — яна адправілася святкаваць Новы год з вялікай групай сяброў. Вось, што адбылося: «Нас было 11 чалавек. Незадоўга да паўночы мы ад вакзала вырашылі спусціцца да Рэйна, каб паглядзець феерверк. Раптам нас атачылі 20 ці 30 маладых мужчын. Мы схапіліся за рукі — хлопцы наперадзе, дзяўчынкі ўнутры. Мы трымаліся разам, каб нікога не вырвалі. Гэтыя мужчыны сталі да нас груба прыставаць. Але мы здолелі прарвацца скрозь натоўп». І толькі потым спахапіліся — у некалькіх паспелі скрасці смартфоны. У тым ліку і ў Мішэль. Па-нямецку маладыя людзі не разумелі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?