У судзе Вілейскага раёна 5 студзеня вынесены смяротны прысуд жыхару Вілейкі, абвінавачанаму ў забойстве сваёй сужыцелькі. У Вілейцы адбылося выязное пасяджэнне суда Мінскай вобласці, які і вынес гэты прысуд.

Абвінавачаны раней быў судзімы за забойства ў савецкія часы. Тады яму вынеслі смяротны прысуд, але пасля скаргі асуджанага ў Вярхоўны Суд, растрэльны прысуд быў зменены на пазбаўленне волі. Паколькі ў СССР не існавала пажыццёвага зняволення, тэрмін склаў не больш за 15 гадоў.

У жыцці абвінавачанага таксама ёсць эпізод нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці пацярпелага.

У гэты раз справа разглядалася па другой частцы артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю».

Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымліваў супрацоўнік пракуратуры Мінскай вобласці. Ён прасіў суд вынесці абвінавачванаму найвышэйшую меру пакарання.

Суд пагадзіўся з меркаваннем дзяржаўнага абвінаваўцы. Другая частка артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пункт шосты - «Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю». Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?