Карта гастранамічнага турызму Беларусі з'явіцца ў 2016 годзе, на ёй будуць адзначаныя месцы, дзе можна пакаштаваць аўтэнтычныя нацыянальныя стравы, паведаміла старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова.
relax.by
«Кулінарная карта краіны выйдзе ў пачатку 2016 года пад брэндам «Гасцінія», адпаведнае даменнае імя, дзе будзе размяшчацца яе электронная версія, ужо зарэгістраванае. У якасці дадатку да карты складзены кулінарны зборнік, куды ўвойдзе каля 100 рэцэптаў нацыянальнай беларускай кухні», — распавяла Валерыя Кліцунова.
На гэтай карце пазначаць месцы, дзе можна пакаштаваць аўтэнтычныя нацыянальныя стравы, кулінарныя помнікі і даты «смачных» мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Дадзеная інфармацыя будзе таксама візуалізаваная ў адмысловай мабільнай праграме для гастранамічных турыстаў.
Спецыяльна для праекта распрацаваны фірмовы стыль кулінарнай карты. Яе эмблемай стануць скрыжаваныя лыжка і відэлец, стылізаваныя пад нацыянальны арнамент.





