Новы польскі ўрад, сфармаваны кансерватыўнай партыяй «Права і справядлівасць», вядзе сваю палітычную лінію паводле расійскага ўзору.
Пра гэта ў інтэрв'ю выданню Frankfurter Allgemeinen Sonntagszeitung заявіў старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц, піша »Нямецкая хваля» са спасылкай на Reuters.
«Польскі ўрад лічыць сваю перамогу на выбарах мандатам, які дазваляе падпарадкаваць дабрабыт дзяржавы пераможнай партыі, улічваючы як змест палітыкі, так і кадраў. Гэта пуцінскі падыход да дэмакратыі, небяспечная пуцінізацыя еўрапейскай палітыкі», — адзначыў Шульц.
Як вядома, 19 студзеня Еўрапарламент плануе разгледзець сітуацыю ў Польшчы.
На думку Шульца, «увесь дэмакратычны спектр ад левых да правых выразна заяўляе, што такая палітыка (польскага ўрада) супярэчыць фундаментальным еўрапейскім каштоўнасцям».
Акрамя таго экс-еўракамісар па пытаннях юстыцыі Вівіян Рэдынг, якая цяпер з'яўляецца дэпутатам Еўрапарламента, адзначае: «Атака на вяршэнства права заўсёды пачынаецца з атакі на Канстытуцыйны суд. Пасля гэтага наступае чарга медыя, а потым грамадскай і прыватнай сфер. Гэта логіка Пуціна-Орбана-Качыньскага».
9 студзеня ў Польшчы дзясяткі тысяч дэманстрантаў выйшлі на вуліцы гарадоў у акцыі пратэсту супраць палітыкі ўрада па ўзмацненні кантролю за дзяржаўнымі СМІ.





