Падкормліваць лебедзяў і качак у халады можна аўсянай кашай і гароднінай, паведамілі ў Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Спецыялісты рэкамендуюць даваць корм вадаплаўным птушкам пры тэмпературы паветра ніжэй за 15 градусаў. Пры гэтым яны падкрэсліваюць, што для пачастунку птушак зусім не падыходзяць хлеб і батон. Адказ просты: стрававальная сістэма лебедзяў і качак да такой ежы не прыстасаваная.
У натуральных умовах лебедзі сілкуюцца раслінамі, дробнымі рачкамі і рознымі лічынкамі. Качкі ласуюцца насеннем раслін, малюскамі, актыўным глеем. Усё гэта яны могуць самастойна адшукаць і зімой. Дапамога чалавека ім патрэбная толькі ў экстрэмальных сітуацыях, калі вадаёмы замярзаюць, і ў птушак застаецца для плавання зусім малюсенькая палонка. Карміць іх у такіх выпадках рэкамендуецца сырой або варанай гароднінай, аўсянай кашай, аўсом, ячменем, пшаніцай.
А вось хлебнымі крошкамі ў халады можна пачаставаць сухапутных птушак. Усе гэтыя птушкі з задавальненнем наведваюць кармушкі, але ў адрозненне ад вадаплаўных не трапляюць у поўную залежнасць ад прыкормкі. Яны з задавальненнем пакаштуюць семак, арэхаў, кашы, а таксама несалёнага сала.





