У рамках новай акцыі рэдакцыя часопіса «Arche» прапануе набыць рэдкія, але надзвычай каштоўныя свежа выдадзеныя навуковыя працы па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Варта адзначыць, што ў арыгінале яны былі напісаны на замежных мовах, і даступныя ў перакладзе толькі на беларускую мову. На іншыя вялікія мовы нашага рэгіёна – польскую, расійскую ці ўкраінскую – яны не перакладзены. З фінансавых прычын выданні выйшлі мінімальным накладам (150, 200 штук). Два з трох выданняў надрукаваны на белай паперы метадам лічбавага друку.

 

Уздым Літвы: паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345 / Стэфан Крыстафер Роўэл; пераклад з англійскай мовы Алеся Мікуса. — Мінск: Медысонт, 2015. — 423 с.

У даследаванні паказваецца, як Вялікае Княства Літоўскае ўпершыню набыло вагу на міжнароднай арэне. Разглядаецца шлях Літвы да велічы пад уладай Гедыміна, а таксама закранаюцца дасягненні яго папярэдніка і брата Віценя (1295—1315) і яго выбранага наступніка Яўнута (1342—1345). Найбольшая ўвага надаецца таму, як Вялікае Княства выкарыстоўвала вайсковыя і палітычныя слабасці суседзяў, маніпулявала канфесійнымі межамі каталіцтва ў Прыбалтыцы і праваслаўя на Русі, а таксама яго дыпламатыя ў адносінах з замежнымі ўладарамі, якія былі гатовыя як выступіць разам з паганамі-літоўцамі (і жаніцца з паганскімі князёўнамі), так і падтрымліваць крыжовыя паходы супраць іх.

ЗМЕСТ КНІГІ Ў PDF ДАСТУПНЫ ТУТ

Лейці вялікага князя літоўскага: з гісторыі ранніх дзяржаўных структур літоўскага грамадства / Артурас Дубоніс; пераклад з літоўскай мовы Рамана Урбановіча. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 146 с.

Гэтая кніга — даследаванне нараджэння, развіцця і заняпаду ў Вялікім Княстве Літоўскім служылага саслоўя лейцяў. Лейці служылі ў якасці памежнай варты, абаранялі замкі, прадстаўлялі велікакняскую ўладу на ўскраінах і ўтаймоўвалі незадаволеных ёй; пазней яны даглядалі коней гаспадара і суправаджалі яго ў падарожжах. Праз звыклую сучаснаму чытачу структуру палітычных і эканамічных адносін, на якіх грунтавалася Вялікае Княства Літоўскае, у кнізе праступае структура асабістых сувязяў паміж яго людзьмі, ад гаспадара да служылага лейця.

ЗМЕСТ КНІГІ Ў PDF ДАСТУПНЫ ТУТ.

Скарб Вялікага Княства Літоўскага падчас Дваццацігадовай вайны (1648—1667 гг.) /Антанас Ціла; пераклад з літоўскай мовы Алеся Мікуса. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 384 с.

У гэтай працы аўтар імкнецца паказаць рэальнае функцыянаванне скарбу Вялікага Княства Літоўскага падчас вядзення гэтай дзяржавай ваенных дзеянняў у 1648—1667 гг.: фармаванне бюджэту, яго асаблівасці, тыпы падаткаў, паступленні сродкаў, іх штогадовую дынаміку і суадносіны з сапраўднымі патрэбамі, удзел палітычнага грамадства і ўсіх жыхароў краіны ў вырашэнні задач па ахове і абароне дзяржавы, а асабліва па вызваленні краіны ад непрыяцеля. Шмат увагі прысвячаецца рашэнням павятовых соймікаў ВКЛ па падатках, добраахвотнай падтрымцы скарбу з боку паветаў, а таксама пастановам Гарадзенскай канвакацыі, дзейнасці прадстаўнікоў ВКЛ на соймах пры падрыхтоўцы канстытуцый ВКЛ, асабліва на сесіях, якія адбываліся ў Літве, іх сувязі са зборам сродкаў у скарб і фармаваннем дзяржаўнага бюджэту. Робіцца спроба раскрыць асабістыя намаганні ўраднікаў ВКЛ і іншых грамадзян па абароне і вызваленні дзяржавы ад акупантаў.

ЗМЕСТ КНІГІ Ў PDF ДАСТУПНЫ ТУТ.

Да 19 студзеня камплект з трох выданняў можна замовіць за 249 тыс. (самавываз) або 299 тыс. (дастаўка поштай ці кур'ерам). У рамках акцыі можна таксама набыць любыя 2 з трох пазначаных выданняў па цане 199 тыс. (самавываз) або 249 тыс. (дастаўка поштай ці кур'ерам).

Пра тое, як замовіць выданні, можна прачытаць на сайце часопіса Arche.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0