У перадачы «Галоўны эфір» выйшаў сюжэт пра ўдзельнікаў «справы графіцістаў». У роліку хлопцы паўстаюць наркаманамі, якія малююць свае графіці і ладзяць акцыі за невядома кім накіраваныя буйныя сумы ў амерыканскай валюце.

Прычым у відэа выкарыстаны аўдыёзапіс аператыўнай праслушкі тэлефонаў. 

«Так, у відэа фігуруюць кавалкі з нашых тэлефонных размоў. Але яны відавочна перамантаваныя, напрыклад, гутарка пра шпрыц. Тым больш, далей паведамляецца, што гэта жарт, але, само сабой, гэта выразана, — пракаментаваў адзін з графіцістаў Вадзім Жаромскі. — Насамрэч, шпрыц быў патрэбен нам, каб напаўняць фарбай лямпачкі».

Грошы ж, якія ўзгадваюць у сюжэце, належаць былой дзяўчыне іншага графіціста, Максіма Пякарскага. На момант яго затрымання яна жыла з ім разам. Дарэчы, каля 2 месяцаў таму ўсю суму дзяўчыне міліцыя вярнула.

Нагадаем, 11 жніўня 2015 года пяцёра хлопцаў былі затрыманыя паводле падазрэння ва ўдзеле ў нанясенні графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама заляпванне фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі.

А 29 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна быў вынесены прысуд — хлопцы атрымалі штрафы ад 30 да 50 базавых велічынь. 

Цяпер графіцісты плануюць падаць у суд на журналістаў і стваральнікаў перадачы «Галоўны эфір».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?