Нечакана шматлікай аказалася акцыя пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў. На Кастрычніцкай плошчы Мінска сабралася 800 чалавек. Яны пратэставалі супраць указу №222, які ўводзіць абавязковую сертыфікацыю тавараў. Людзі патрабавалі таксама змены палітычнага і эканамічнага курсу краіны.

Відэаанлайн з акцыі:

13:15

У выніку вырашана сабрацца ў наступны панедзялак, 22 лютага, калі ўказ не будзе адменены.

13:06

Анатоль Лябедзька кажа пратэстоўцаў, што праблема ІП — гэта не іх праблема, гэта праблема ўладаў. Не будзе ўказу №222, будзе №234, засцерагае ён.

«Трэба вырашаць эканамічныя праблемы, мяняць эканамічны курс. Саша, ты стаміўся, адпачні», — кажа Лябедзька.

Гэтыя словы прысутныя сустрэлі апладысментамі.

«Хопіць стаяць на каленях, уздымайцеся!» — заклікае Лябедзька.

«Уладу — народу! — заклікаў у сваім выступе экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч. — Усе праблемы ад таго, што адзін чалавек скраў у беларускага народа ўладу, скраў выбары. Краіна захоплена бандай. У нас не міліцыя, а ўзброеныя слугі аднаго чалавека. Суды абслугоўваюць інтарэсы аднаго чалавека», — заявіў ён.

«Мікола — наш прэзідэнт», — гукае плошча ў адказ. Над натоўпам нясецца «Жыве Беларусь!».

12:59

Прадпрымальнікі заўляюць, што наступная акцыя пройдзе ў наступны панядзелак ізноў а 12-й на Кастрычніцкай плошчы, калі ўказ №222 не будзе адменены.

Гучыць прапанова сабрацца ў нядзелю.

Ідзе галасаванне: панядзелак ці нядзеля. Усё ж болей, відаць, прагаласавала за панядзелак.

12:53

Нарэшце зноў запрацаваў мегафон.

Жанчына-ІП кажа, што патрабаванні будуць аднесеныя ў Саўмін, а калі адказу не будзе, то патрабаванні будуць аднесеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Таксама яна прапанавала стварыць асобную палітычную партыю, якая будзе бараніць правы ІП у парламенце.

12:49

Прадпрымальнікі скандуюць «Далучайся» і «Работу, работу, работу!»

Прадпрымальнік з Гомеля кажа, што працаваць апошнім часам стала немагчыма. Жонка была ІП, дачка, але ніхто не працуе. Бо створаныя такія ўмовы, што працаваць немагчыма. Калі мы будзе аддаваць па адной-дзве рэчы.

«Мы хочам даказаць, што мы не быдла, што мы людзі. Але мы нічога не даб'емся, пакуль будзе Лукашэнка», — кажа ён.

12.44

Алесь Макаеў просіць перамоваў з Лукашэнкам. 

Прадпрымальнік Алесь Макаеў.

Прадпрымальнік Алесь Макаеў.

Адна з жанчын выказала меркаванне, што гэта толькі пачатак акцый, і яны будуць працягвацца.

12:37

Выступае Уладзімір Някляеў. Але сапсаваўся гучнамоўнік, і людзі не чуюць нічога. Разам з тым пачаўся адток людзей. Паціху разыходзяцца.

Дарэчы, Анатоль Шумчанка (лідар «Перспектывы») на акцыю так і не прыйшоў.

Павел Вінаградаў кажа, што ўражаны колькасці людзей. «Я думаў прыйдзе тры з паловай чалавека, а прыйшлі сотні людзей».

12:30

На Плошчы — 800 чалавек. Але самі прадпрымальнікі наракаюць, што насамрэч іх сабралася мала.

12:21

Прадпрымальніца са Слуцка кажа, што ўказ №222 — гэта ўдар па легпраме і па саміх ІП. Яна прапануе сабрацца тут праз тыдзень.

Алесь Макаеў заявіў, што мы будзем тут стаяць столькі, колькі трэба. «Пакуль нас не пачуюць», — кажа ён. «Тэлефануйце адзін другому, прасіце, каб прыйшлі», — кажа ён. «Бачыце, улады пакуль дазваляюць».

«Мы патрабуем ад Лукашэнкі прабачэнняў, каб ён выбачыўся перад тысячамі ІП за абразу», — кажа Макаеў.

«Лукашэнка 20 гадоў нішчыць дробны бізнэс, такога нідзе няма ў свеце», — дадае ён.

Адзін з ІП з Баранавічаў прыйшоў на акцыю з бэджам «Бандыт». «Чаму вы прыйшлі з такім бэджам?» — «Таму так назваў нас Лукашэнка», — кажа ён. «Але за 25 гадоў я не сабраў нічога. Маю толькі адну кропку маю».

12:14

Прадпрымальнікі кіруюцца да прыступак Палаца Рэспублікі. Адна маладая жанчына кажа іншай: «Ой, трэба абы ў тэлекамеру не трапіць, бо маці заб'е».

12:03

Прыйшоў Мікола Статкевіч. Ён кажа, што спадзяецца, што ўсё пройдзе мірна.

Разгортваюць першую расцяжку «За свабоду прадпрымальніцтва». Яе прынёс Алесь Таўстыка.

Таўстыка заклікае ў спіс патрабаванняў дадаць патрабаванне рэгістрацыі тэлеканала «Белсат», а таксама заклікае чакаць прадстаўнікоў з Адміністрацыі прэзідэнта.

Прыйшлі таксама Павел Севярынец, а таксама актывіст студэнцкага руху Павел Сяргей, архівіст Зміцер Дрозд.

12:01

На плошчы ўжо каля двухсот чалавек — удзельнікаў пратэсту. Многа людзей сярэдняга веку.

Але таксама шмат і «людзей у цывільным», якія фільмуюць усё на відэа.

11:50

Падыходзяць прадпрымальнікі, іх ужо каля 50 чалавек. Дзясяткі агентаў-ціхароў стаяць каля Палаца Рэспублікі.

Прыйшоў Уладзімір Някляеў.

Прыехала некалькі чалавек з Віцебска. Яны кажуць, што асаблівай надзеі няма, гэта як акцыя адчаю.

11:47

Некалькі прадпрымальнікаў стаяць на выхадзе з метро, але ніяк сябе не праяўляюць. Пакуль іх не больш за дзеяць.

Некалькі міліцыянераў стаяць на плошчы, каля Дома афіцэраў — аўтобус з міліцыяй.

11.42

Пакуль на Кастрычнікай плошчы нікога няма. З абодвух бакоў плошчы стаяць супрацоўнікі ДПС. У цэнтры Плошчы — снегаўборачная машына.

Спачатку пра мажлівасць акцыі пратэсту ў Мінску заяўляў лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка. Але пасля заяваў Лукашэнкі пра немагчымасць саступак ад акцыі ён адмовіўся.

У сваю чаргу індывідуальны прадпрымальнік, грамадскі актывіст Алесь Макаеў папрасіў гандляроў выйсці 15 лютага а 12-й на Кастрычніцкую плошчу сталіцы.

«Усё застаецца ў сіле, мой заклік да прадпрымальнікаў прыходзіць на плошчу і падтрымка людзей, якія таксама супраць указа. Ведаю, што мяне падтрымалі таксама палітыкі Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька ды іншыя, прадпрымальнікі з розных рэгіёнаў маюць намер прыехаць. Мы хочам, каб з намі лічыліся, каб да нас прыслухаліся па-сапраўднаму», — заявіў раніцай сёння Алесь Макаеў радыё «Свабода».

Экс-палітвязень Мікалай Статкевіч, у сваю чаргу, заклікаў падтрымаць прадпрымальнікаў, але паставіць шырэйшыя патрабаванні.

«Заклікаю ўсіх, хто не жадае быць абрабаваным дзеля ўтрымання адным чалавекам улады над краінай, узяць удзел у акцыі 15 лютага», — напісаў ён у сябе ў фэйсбуку.

«Баючыся за сваю ўладу, [Лукашэнка] не праводзіць эканамічных рэформаў, каб кантраляваць людзей на месцы працы на неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемствах. Каб атрымаць падтрымку сваёй неабмежаванай улады з боку Масквы, ён прывязаў Беларусь да расійскай сыравіннай эканомікі. Цяпер, калі сусветная эканоміка і суседнія з намі краіны ЕС дэманструюць устойлівы рост, беларуская эканоміка разам з расійскай абрынулася следам за коштам нафты», — заявіў Статкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?