16.50

На заканчэнне сённяшняй акцыі лідары руху абвясцілі пра наступныя: 7 сакавіка пройдуць пратэставыя акцыі па ўсёй краіне, а на 14 сакавіка ў Мінску анансаваны «Марш прадпрымальнікаў».

16.45

На прыступках касцёла загучала малітва «Ойча наш».

Некаторыя людзі пачалі паціху пакідаць плошчу.

Дыялог у натоўпе: адзін з удзельнікаў звярнуўся да міліцыянта, які здымаў акцыю на камеру, на «ты». Міліцыянт абурыўся, што той яму «тыкае», на што ўдзельнік адказаў, што на «вы» звяртаецца толькі да тых, каго паважае. 

16.40

На прыступках Чырвонага касцёла слова ўзяў Алесь Макаеў: ён узгадаў усе тыя акцыі, якія адбываліся на плошчы Незалежнасці, асабліва 2010 год. 

Адзін з удзельнікаў параўноўвае цяперашнюю сітуацыю з барацьбой амерыканцаў супраць брытанскіх каланіялістаў. Іншы ўзгадаў пра закон пра дармаедаў, які з'яўляецца антыканстытуцыйным і парушае правы грамадзян.

У натоўпе заўважылі аператара пуцінскага канала «НТВ».

16.35

Калона падышла да Дома ўрада. Засталося каля 200 чалавек. Людзі скандуюць «Верым! Можам! Пераможам!»

Кіраўнік АМАПа Балаба выразна паказвае падначаленым на хлопцаў з расцяжкай у галаве калоны.

16.30

Калона дайшла да Галоўпаштамта. Наперадзе калоны анархісты нясуць расцяжку «Воля, роўнасць, братэрства». Удзельнікі крычаць «Далучайся! Далучайся!»

Фота радыё «Свабода».

Фота радыё «Свабода».

16.10

Пасля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі рушылі ў бок плошчы Незалежнасці. Скандуюць «Свабоду! Свабоду!» і «Салідарнасць!». Адказнасць на сябе ўзяў прадпрымальнік Алесь Макаеў.

16.05 

Прадпрымальнікі, якія прыехалі з Полацка, сказалі «Нашай Ніве», што расчараваныя малой колькасцю ўдзельнікаў. Па іх словах, у грамадства ёсць выдатныя генералы (пра Статкевіча), але няма салдат. 

У натоўпе раздаюць налепкі і ўлёткі «Правы не даюць, правы бяруць».

16.00

«Чыноўнікаў выпускаюць з турмаў і прызначаюць на кіруючыя пасады. Намі кіруюць ад балды!», — сказаў Лябедзька падчас прамовы. Людзі імгненна пачалі скандаваць «Далоў балду!». 

15.55

Слова ўзяў Мікалай Статкевіч. Па ягоных словах, трэба працягваць змагацца за свае правы і мяняць сістэму, бо нават калі адзін указ адменяць, прымуць іншы. «Патрэбная народная ўлада, банду ад улады трэба прыбраць. Банду — прэч!»

Людзі горача сустрэлі прамову Статкевіча і падхапілі лозунг. Таксама перыядычна гучыць «Жыве Беларусь!».

15.50

У натоўпе з'явіліся правакатары — актывісты «НОД» з георгіеўскімі стужкамі. Жанчына кажа, што Беларусь — калонія ЗША, і яе трэба вызваляць. 

15.45 

Прадпрымальнік з Барысава Алесь Абрамовіч выказаў думку, што грамадства мусіць ствараць мясцовыя камітэты па выратаванні прадпрымальнікаў. Таксама ён заклікаў усіх інтэлектуалаў і журналістаў спрыяць прадпрымальніцкаму пратэсту — бо ў свой час у краіне інтэлектуалаў адцяснілі ад улады, а да чаго гэта прывяло, мы бачым самі. 

15.40

Сярод удзельнікаў, акрамя Алеся Макаева і Анатоля Лябедзькі — Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч.

Некалькі дзясяткаў «ціхароў» здымаюць удзельнікаў на камеры.

Севярынец падчас выступу падкрэсліў, што сітуацыя ў краіне набліжаецца да той, што была пры канцы 90-х: сістэма, пабудаваная на замежных запазычаннях, рушыцца. Ён прыгадаў лозунг, які ўжо некалі гучаў: «Пара мяняць лысую гуму». Пратэстоўцы яго з энтузіязмам падхапілі. 

Баранавіцкі актывіст Рыгор Грык

Баранавіцкі актывіст Рыгор Грык

15.40

Студэнцкія актывісты прынеслі расцяжкі: «Мы бачым Беларусь без дыктатуры», «Лука! Сыходзь! Сыходзь пакуль не позна!». Адзін з удзельнікаў трымае ў руках туалетную паперу, на якой карычневай фарбай напісана «Указ 222». Па ягоных словах, гэта сімвалізуе вартасць дадзенага ўказа.

15.35

На плошчы паболела народу, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я: пачаўся снег, дзьме моцны парывісты вецер. Удзельнікаў акцыі ўжо каля 400—450. Адзін з удзельнікаў прынёс касу — па яго словах, яна «ў любы момант можа стаць касінерскай».

15.30

У натоўпе 4 б-ч-б сцягі: два лунаюць над пратэстоўцамі, яшчэ два на плячах ва ўдзельнікаў.

Прадпрымальнікі ладзяць перформанс: на нацягнутую вяроўку вешаюць непраданыя тавары — «падарунак чыноўнікам». Кабякову дасталася блакітная кашуля, міністру фінансаў — штаны, Лукашэнку — майткі. Актывістка Вольга Мікалайчык патрабуе спыніць «эканамічны генацыд».

15.20

Выступаюць Лябедзька і Макаеў. Людзі атачылі выступоўцаў шчыльным колам, закрываючы ад людзей у форме. Лябедзька заклікае не паведамляць міліцыянтам пашпартныя звесткі: «Мы грамадзяне Беларусі, мы нічога не парушаем».

15.10

На дадзены момант на плошчы сабралося каля 300 чалавек — разам з журналістамі і міліцыянтамі. 

14.45

На плошчы па-ранейшаму нікога, акрамя сілавікоў.

14.20

Людзей на плошчы пакуль няма. Падцягнуліся толькі сілавікі: заўважаны камандзір АМАПа Дзмітрый Балаба, ля Палаца прафсаюзаў стаяць міліцэйскія аўтобусы. 

11.50

Сённяшняя акцыя прадпрымальнікаў запланаваная на 15.00.

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька з гэтай нагоды заявіў: «Трэба вар'іраваць магчымасці для пратэсту. Былі дзве плошчы ў панядзелак, а цяпер прапанавана сабрацца ў нядзелю 28 лютага а 15-й гадзіне. Гэта будзе зручней людзям, якія з'яўляюцца спажыўцамі тавараў і паслуг індывідуальных прадпрымальнікаў. Прастора свабоды становіцца ўсё большай».

Папярэднюю акцыю ІП, на якой мітынгоўцы абаранілі арганізатараў ад міліцыі і не далі скласці пратаколы на кіраўнікоў, Анатоль Лябедзька назваў «першай перамогай беларускіх прадпрымальнікаў».

11:30

Першыя публічныя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў адбыліся 15 лютага і 22 лютага. Тыя акцыі праходзілі ў панядзелак. Сённяшняя акцыя ўпершыню адбываецца ў выхадны дзень.

Нягледзячы на сваю стыхійнасць, акцыя 15 лютага аказалася нечакана шматлюднай. У ёй узялі ўдзел каля 800 чалавек. Пратэстоўцы патрабавалі як адмены ўказа 222, так і змены палітычнага і эканамічнага курсу краіны.

Акцыі падтрымалі і ўзначалілі лідары палітычнай апазіцыі Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька.

У сваю чаргу, Міністэрства гандлю заявіла, што дзяржава зніжае градус у адносінах з ІП. 

Улады не будуць адмяняць 222-ы ўказ і працэдуру сертыфікацыі, але гатовыя пайсці на спрашчэнне бізнес-працэсаў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра гэта распавяла ў інтэрв'ю праграме «Неделя» тэлеканала СТБ 21 лютага намеснік міністра гандлю Беларусі, сустаршыня рабочай групы па праблемных пытаннях індывідуальных прадпрымальнікаў Ірына Наркевіч.

Яна заявіла, што прадпрымальнік у гандлёвым цэнтры ці на рынку можа мець да трох «кропак». Адпаведныя органы дазволяць мець суправаджальныя дакументы на тавар толькі ў адной з іх. «Як правіла, у яго недзе сканцэнтраваныя дакументы. Цяпер па заканадаўстве суправаджальныя дакументы павінны быць ва ўсіх трох месцах. Навошта? Мы зніжаем градус. Мы не кажам, што не павінна быць дакументаў. Мы кажам, што мы спрашчаем. І кажам, што гэтыя дакументы павінны быць у адным месцы», — заявіла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?