Уладальнік групы кампаній «Біяком» сенатар Андрэй Паўлоўскі памілаваны прэзідэнтам, паведаміў 15 сакавіка на брыфінгу ў Мінску старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык.

Паводле яго слоў, Паўлоўскі кампенсаваў у кратным памеры прычыненую шкоду — 20 млн даляраў —і быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

Нагадаем, 30 кастрычніка 2015 года Андрэй Паўлоўскі быў пазбаўлены недатыкальнасці па запыце праваахоўных органаў. У верхняй палаце парламента ён быў членам пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.

У пачатку лістапада КДБ паведаміў аб спыненні «супрацьпраўнай дзейнасці міжнароднай злачыннай групы, якая арганізавала схему незаконнай гаспадарчай дзейнасці, звязанай з нявыплатай падаткаў у асабліва буйным памеры». Паведамлялася таксама, што злачынная схема была распрацавана і рэалізоўвалася па ініцыятыве кіраўніцтва групы кампаній «Біяком» з задзейнічаннем шэрагу падкантрольных замежных камерцыйных структур з васьмі краін. Паводле ацэнкі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, толькі чатырма фірмамі з групы кампаній «Біяком» за апошнія гады не выплачаны падаткі на суму не меншую за 144 млрд. рублёў.

У дачыненні да Паўлоўскага і яшчэ шасці прадстаўнікоў кіраўніцтва кампаніі «Біяком» былі распачаты чатыры крымінальныя справы па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Санкцыяй артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Службовыя асобы кампаніі былі затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ.

30 лістапада КДБ паведаміў, што мера стрымання Паўлоўскаму змененая на дамашні арышт, але выстаўленыя абвінавачанні не перакваліфікаваліся.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?