ААН прыпыніла супрацоўніцтва з Марыяй Шарапавай у якасці пасла добрай волі, пасля таго як расійская тэнісістка прызналася ва ўжыванні забароненага прэпарата.

Праграма развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якая займаецца барацьбой з галечай і няроўнасцю, прыпыніла сваё дзевяцігадовае супрацоўніцтва з Шарапавай да заканчэння расследавання.

«Праграма развіцця ААН ўдзячная Марыі Шарапавай за яе падтрымку нашай працы, асабліва ў пытанні дапамогі пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі 1986 года», — заявіў прэс-сакратар арганізацыі.

«Аднак у святле нядаўняй заявы Шарапавай мы на мінулым тыдні прыпынілі яе ўдзел у праграме ў якасці пасла добрай волі на час правядзення расследавання», — дадаў ён.

ААН прызначыла Шарапаву паслом добрай волі ў 2007 годзе.

Расійская тэнісістка Марыя Шарапава на мінулым тыдні прызналася, што ў студзені не прайшла тэст на допінг падчас турніру Вялікага шлема ў Аўстраліі.

У ходзе экстраннай прэс-канферэнцыі ў Лос-Анджэлесе, трансляцыя якой вялася на сайце спартсменкі, Шарапава заявіла, што на працягу дзесяці гадоў прымала прэпарат мільдранат, прапісаны яе сямейным лекарам.

З нядаўна атрыманага ліста ад Міжнароднай федэрацыі тэніса яна даведалася, што прэпарат мільдранат таксама называецца мельдоній, і пад гэтай назвай з пачатку 2016 года унесены ў спіс забароненых прэпаратаў. У выніку яе допінг-спроба дала станоўчы вынік.

Шарапава папярэдне адхіленая ад спаборніцтваў з 12 сакавіка да высвятлення абставінаў справы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?