Мінск атрымаў узнагароды ў дзвюх намінацыях часопіса fDi Magazine — спецыялізаванага выдання брытанскай газеты Financial Times. Цырымонія ўручэння ўзнагарод гарадам, якія занялі лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгах выдання, прайшла сёння ў Канах (Францыя) на 27-й Міжнароднай прафесійнай выставе камерцыйнай нерухомасці MIPIM, паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Францыі.

Сёлета ў дзвюх намінацыях: «Топ-20 буйных еўрапейскіх гарадоў па эфектыўнасці выдаткаў на вядзенне бізнэсу» і «Топ-10 буйных гарадоў па найлепшай стратэгіі прыцягнення прамых замежных інвестыцый» — узнагародамі быў адзначаны Мінск. На цырымоніі ў Канах іх атрымаў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. Уручала ўзнагароды галоўны рэдактар часопіса fDi Magazine Кортні Фінгар.

Сёлета ўдзел у конкурсе прынялі 223 гарады. Пры складанні рэйтынгу ўлічваліся 96 незалежных паказчыкаў. Падлікі праводзіліся згодна з аналізам і ацэнкамі вядучых экспертаў выдання fDi Magazine і ўключалі эканамічны патэнцыял, чалавечыя рэсурсы, узровень выдаткаў на вядзенне бізнэсу, узровень жыцця, якасць інфраструктуры, лёгкасць вядзення бізнэсу, стратэгію прыцягнення прамых замежных інвестыцый. Вызначаўся найлепшы горад у агульным рэйтынгу усіх гарадоў, таксама кожны горад удзельнічаў у сваёй катэгорыі (па колькасці насельніцтва): буйныя, сярэднія, малыя, мікрагарады. Нароўні з беларускай сталіцай ў 2016 годзе ўзнагароды атрымалі Лондан, Масква, Лісабон, Кіеў, Вільня, Кёльн, Дзюсельдорф, Заграб, Любляна і іншыя.

MIPIM традыцыйна збірае найбольш уплывовых гульцоў розных сектараў міжнароднага рынку нерухомасці: офісы, жыллё, гандаль, медыцына, спорт, лагістыка і прамысловасць. Выстава прапануе ўдзельнікам унікальны доступ да вялікай колькасці будаўнічых праектаў і крыніц фінансавання ў асобе інвестыцыйных кампаній з вядучых краін. Акрамя таго, у ходзе форуму праходзяць прэзентацыі сталічных гарадоў і буйных агламерацый, якія ажыццяўляюцца iх мэрамі. У 2016 годзе на выставе прадстаўленыя каля 2700 кампаній з амаль 90 дзяржаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна