Напярэдадні надыходзячага сезону адпачынкаў беларускія турфірмы пачалі актыўна прапаноўваць недарагі адпачынак у Крыме. З заездам на паўвостраў праз Расію. Пры гэтым патэнцыйных кліентаў мала хто папярэджвае пра магчымыя наступствы падобнага падарожжа.

moemore.com

moemore.com

Пасля анексіі Крыма Расіяй у заканадаўства Украіны былі ўнесеныя некаторыя змены. Так, Крым цяпер лічыцца часова акупаванай тэрыторыяй, патрапіць на якую можна толькі праз пэўныя ўкраінскія пункты пропуску і пры наяўнасці спецыяльнага дазволу. Першапачаткова падставай для атрымання такога дазволу можа быць візіт да сваякоў у Крыме, наведванне месцаў пахаванняў членаў сям'і, прыезд на пахаванне блізкіх, наяўнасць нерухомасці.

У верасні 2015 года былі ўнесеныя змены ў парадак ўезду на тэрыторыю Крыма, якія дазволілі ўезд на паўвостраў замежным журналістам, праваабаронцам, членам міжнародных няўрадавых арганізацый. Спецдазволы журналісты павінны атрымліваць у Міністэрстве інфармацыйнай палітыкі Украіны, праваабаронцы — у МЗС Украіны.

Для замежных турыстаў паўвостраў з боку Украіны закрыты. Патрапіць туды яны могуць толькі ў аб'езд — праз тэрыторыю Расіі.

Менавіта такі шлях і прапануюць беларускія турфірмы для ахвотных адпачыць у Крыме. Але не папярэджваюць пра магчымыя наступствы, а менавіта пра тое, што ў далейшым ім можа быць забаронены ўезд ва Украіну. Акрамя таго, украінскім заканадаўствам за парушэнне правілаў ўезду на тэрыторыю Крыма прадугледжаны штраф ад 100 да 300 неабкладаных мінімумаў даходаў грамадзян Украіны (прыкладна ад 2,6 да 8 тысяч даляраў), канфіскацыя транспартнага сродку, адміністрацыйны арышт да 15 сутак альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 5 год.

МУС Беларусі яшчэ ў 2014 годзе папярэджвала пра гэтыя змены ў заканадаўстве Украіны.

Карэспандэнт Naviny.by патэлефанавала ў некалькі кампаній, якія прапануюць летні адпачынак у Крыме з праездам праз Расію. Ва ўсіх на пытанне, ці папярэджваюць яны патэнцыйных кліентаў пра магчымыя праблемы пасля наведвання Крыма праз Расію, спачатку пыталіся, пра якія менавіта праблемы ідзе гаворка. Даводзілася ўдакладняць, што маецца на ўвазе магчымая наступная забарона на ўезд ва Украіну.

«Папярэджваем сваіх патэнцыйных кліентаў, — пасля некаторай замінкі адказала выконваючая абавязкі дырэктара тураператара «Эладатур» Валянціна Уласевіч. — Але сёлета ніхто нікуды не ляціць. Замоў не было. Летась не памятаю, колькі лёталі, але ўсе яны былі папярэджаныя». І выпадкаў адмовы ад тураў не было.

«Людзі чытаюць інфармацыю на сайтах МУС, людзі чытаюць інфармацыю ўсюды. У нас беларускі народ прасунуты і правільны», — рэзюмавала Валянціна Уласевіч.

Дырэктар турфірмы «Фаварыт-Трэвэл» Андрэй Савіцкі адзначае, што за апошнія некалькі гадоў «аб'ёмы адпачывальнікаў у Крыму зменшыліся разоў у пяць-дзесяць у параўнанні з тым, што было».

«Наша досыць невялікая фірма адпраўляла ў тыдзень на Крым два-тры аўтобусы, — распавёў ён. — Летась — адзін аўтобус раз на дзесяць дзён. Людзі, якія летась ездзілі, і водгукі пісалі, і падзякі, і ніхто не патэлефанаваў, што паўсталі нейкія праблемы».

Пры гэтым спецыяльна кліентаў у «Фаварыт-Трэвэл» не папярэджваюць пра заканадаўчыя тонкасці пры паездцы ў Крым, толькі калі яны самі спытаюць.

«Да нас прыходзяць людзі, якія туды хочуць паехаць самі першапачаткова. Яны ў мяне могуць спытаць, я ім скажу: праблемы будуць, калі будзе штамп у пашпарце, але ў вас гэтага штампа не будзе, — тлумачыць Савіцкі. — Штамп ніякі не ставіцца (бо на мяжы Расіі і Беларусі адсутнічае памежны кантроль), як яны (украінскія ўлады) даведаюцца? Мы возім толькі аўтобусамі. Калі ў пашпарце няма пячаткі, то праблем быць не можа. А ў маіх турыстаў штампаў у пашпартах няма ніякіх».

Андрэй Савіцкі таксама адзначае, што праблемы ў беларускіх турыстаў могуць паўстаць, калі яны заехалі ў Крым праз Расію, а выязджаюць праз украінскія пункты пропуску.

«Вось гэта — асноўная праблемная сітуацыя. Але, як аўтобусныя чартары, мы колькі людзей прывозім у Крым, столькі ж і забіраем назад. То бок, гэта не наша сітуацыя», — запэўнівае дырэктар «Фаварыт-Трэвэл».

Ён таксама ўпэўнены, што ніхто ва Украіне не будзе спецыяльна адсочваць, напрыклад, турыстаў, якія адпачываюць у Крыме і выкладваюць у сацсетках свае фатаграфіі.

«Ніхто тут гэта не будзе адсочваць. Самае галоўнае — штампы ў пашпарце і не ўязджаць з Крыма на тэрыторыю Украіны без адзнакі аб уездзе туды з Украіны. Ва ўсіх астатніх выпадках ніякіх праблем 100% не будзе», — сказаў Андрэй Савіцкі.

Таццяна, якая прадставілася дырэктарам турыстычнай кампаніі «Пунсовыя ветразі», адразу прызналася, што кліентаў не папярэджваюць пра магчымыя наступствы наведвання Крыма праз Расію. «Скажу шчыра: не папярэджвала, паколькі не бачыла сама такой інфармацыі», — адзначыла яна.

Паводле яе слоў, «Пунсовыя ветразі» пачалі прапаноўваць туры ў Крым толькі летась. У 2014 годзе, калі МУС Беларусі паведамляла (на дадзены момант гэтай інфармацыі няма на сайце) пра змены правілаў уезду ў Крым, турфірма гэтым кірункам не займалася.

«Мы пачалі працаваць па Крыме толькі ў 2015 годзе. Ад'ездзілі сезон добра. Сёлета яшчэ не ездзілі», — адзначыла Таццяна. Летась, сказала яна, сумесна з шасцю іншымі фірмамі аўтобуснымі рэйсамі адправілі ў Крым за летні сезон каля 800 чалавек.

«Сёлета званкі ёсць пастаянна, Крымам цікавяцца, цікавасць значна большая, чым летась. Але продажаў пакуль няма. Уласна кажучы, яны і не пачыналіся так рана ніколі. Але сёлета шмат ахвотных ляцець у Крым з Масквы», — сказала яна.

На пытанне, ці плануюць у «Пунсовых ветразях» папярэджваць кліентаў пра наступствы такіх паездак, Таццяна сказала: «Трэба яшчэ прыдумаць, як папярэджваць, таму што на словах гэта ўсё як бы… Калі шчыра, сапраўды ўсё дзіўна. У 2014 годзе я сутыкалася з гэтым момантам, калі турысты жадалі самастойна ехаць у Крым і прасілі толькі забраніраваць ім самалёт з Масквы. І я кансультавалася з аператарамі. Таксама тады незразумела было, але ўсё зводзілася да таго, што «ай, ніхто нічога не правярае, адзнак ніякіх не ставяць». Гэта як усе ездзілі ў Абхазію, калі без віз было і ў Грузію тады шлях быў забаронены».

У 2009-2010 гадах адбылося некалькі інцыдэнтаў з беларускімі грамадзянамі, якія, заехаўшы на тэрыторыю Абхазіі з Расіі, затым накіраваліся ў Грузію, дзе апынуліся ў турме за «незаконнае знаходжанне на акупаванай Расіяй тэрыторыі Абхазіі».

Адна грамадзянка Беларусі правяла ў турме каля 50 дзён, вызваліць яе ўдалося толькі пасля ўмяшання беларускага МЗС. Сямейная пара Сямён і Ірына Дз'ячак правялі ў грузінскай турме амаль тры тыдні, затым суд прыгаварыў іх да ўмоўнага зняволення тэрмінам на адзін год.

МЗС Беларусі тады «настойліва рэкамендаваў» беларусам улічваць палажэнні грузінскага заканадаўства пры планаванні паездак у Абхазію і Паўднёвую Асецію.

У турыстычнай кампаніі «Багемія Трэвэл» растлумачылі, што самі турыстаў у Крым не адпраўляюць, а размяшчаюць на сваім сайце прапановы іншых тураператараў. Прызналіся, што пра магчымыя праблемы кліентаў не папярэджваюць, бо «ніякай афіцыйнай інфармацыі не атрымлівалі».

«Не было ніякіх афіцыйных паведамленняў або лістоў ні ад беларускіх міністэрстваў і ведамстваў, ні ад пасольства Украіны ў Беларусі», — сказала дырэктар туркампаніі Валянціна.

У сваю чаргу першы сакратар украінскага пасольства ў Мінску Марыя Гуцала падкрэсліла, што летась, калі былі ўнесеныя змены ў закон аб парадку наведвання Крыма, беларускі бок быў пра гэта праінфармаваны.

«Пра тое, што закон прыняты, ведаюць абсалютна на ўсіх узроўнях у Беларусі, у тым ліку і ў МЗС краіны, — сказала Марыя Гуцала. — Летась мы на ўсіх сваіх інфармацыйных рэсурсах выстаўлялі інфармацыю пра тое, што трэба звярнуць увагу, што ўезд на тэрыторыю Крыма магчымы толькі па дазволах. Дазвол гэты выдаецца на тэрыторыі Украіны. Сёлета гэтая інфармацыя зноў паўтараецца на ўсіх нашых рэсурсах, у тым ліку на сайце пасольства».

Паводле яе слоў, у дыпмісіі ведаюць, што беларускія турфірмы прапаноўвалі і працягваюць прапаноўваць турыстам наведванне Крыма праз Расію, што з'яўляецца парушэннем з пункту гледжання заканадаўства Украіны.

«Увогуле, чалавек прымае рашэнне абсалютна самастойна і мае права звяртацца ў любую турфірму. Калі ён прымае рашэнне, значыць, бярэ на сябе адказнасць, — сказала Марыя Гуцала. — Але грамадзяне Беларусі павінны ведаць, што ёсць такія забароны, і павінны разумець наступствы».

Такога ж меркавання прытрымліваецца і прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Беларусі Уладзімір Несцяровіч.

«Мы не можам забараніць нашым грамадзянам ехаць у тую ці іншую краіну, — сказаў ён. — Нават калі ўзнікае дзесьці нейкая рэвалюцыя ці праводзяць антытэрарыстычную аперацыю. Напрыклад, калі Турцыя праводзіла на мяжы з Сірыяй, то мы не забаранялі ехаць, мы рэкамендавалі ўстрымацца ад паездак».

Паводле яго слоў, яшчэ ў красавіку мінулага года Мінспорту і турызму, адсочваючы сітуацыю, якая склалася са уездам у Крым, накіравала адпаведныя тлумачэнні ў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый, які цесна ўзаемадзейнічае з усімі турыстычнымі кампаніямі.

«У лісце тлумачылі і прасілі давесці да турыстычных кампаній, як на сённяшні дзень ажыццяўляецца ўезд на тэрыторыю Крыма і якое ўкраінскае заканадаўства дзейнічае ў сувязі з гэтай сітуацыяй», — сказаў ён.

Уладзімір Несцяровіч падкрэсліў, што туркампаніі павінны даводзіць да ведама кліентаў усе нюансы, звязаныя з адпачынкам у той ці іншай краіне.

«Турфірма, калі клапоціцца пра захаванне свайго добрага імя і таго, каб з ёй ўвесь час працавалі кліенты, абавязаная давесці гэта да іх ведама, — адзначыў ён. — Навошта падвяргаць лішняй небяспецы нашых грамадзян, разумеючы, чым гэта можа павярнуцца? Вядома, яны абавязаныя. Нават калі абапірацца на наша заканадаўства, то турфірмы абавязаныя даць кліенту найбольш поўную і дакладную інфармацыю аб турыстычных паслугах, у тым ліку аб маршруце руху, гатэлі і абстаноўцы ў месцы знаходжання. Калі гэта для грамадзян значыць нейкія выдаткі, то абавязаныя папярэдзіць».

Прадстаўнік Мінспорту сказаў, што адмыслова прагледзеў на сайтах прапановы па адпачынку ў Крыме.

«Многія пішуць, што заезд праз Расію. Але нашы грамадзяне часцяком не звяртаюць увагі, напрыклад, на дзеючае заканадаўства Украіны. Мы і турыстычныя кампаніі абавязаныя папярэдзіць грамадзян адразу ж: вы ўедзеце, мы забяспечым вам добры адпачынак, але майце на ўвазе, што калі вы будзеце вяртацца праз тэрыторыю Украіны ці потым паедзеце ва Украіну ці яшчэ куды праз Украіну, то ў вас могуць быць пэўныя праблемы», — сказаў Уладзімір Несцяровіч.

Паводле яго слоў, у бліжэйшы час Міністэрства спорту і турызму яшчэ раз накіруе ліст у РСТА з тлумачэннямі аб правілах уезду ў Крым і неабходнасці папярэджваць кліентаў пра ўсе нюансы арганізацыі іх адпачынку і магчымыя наступствы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?