Свет пабачыў запіс беларускамоўнай літургіі: беларускія грэка-каталікі выдалі дыск «Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага». Таксама запіс ужо даступны для праслухоўвання анлайн.

Паводле словаў беларускага грэка-каталіцкага святара з Лондана а. Сяргея Стасевіча, які таксама спрычыніўся да рэалізацыі гэтага музычнага праекту, кампакт-дыск, на якім запісана ўся спяваная Боская Літургія святога Яна Залатавуснага візантыйска-беларускага абраду, выходзіць у Беларусі ўпершыню. Дыск быў зроблены на студыі Kava Records.

«Гэты запіс Боскай Літургіі са спевамі на беларускай мове мае найперш адукацыйныя мэты, — адзначае святар. — Ён павінен дапамагчы вернікам Беларускай Царквы навучыцца спяваць на нядзельнай багаслужбе». 

Літургічныя спевы, запісаныя на дыску, выканалі Наста Казаровец (альт), Андрэй Гайдукевіч і Сяргей Раюнец (тэнары) ды Арцём Сітнікаў (бас, чытальнік), а святарскія часткі — айцец Яўген Усошын.

На працягу трох гадоў над гэтым зборнікам царкоўных спеваў працаваў Сяргей Раюнец, які кампанаваў яго, запісваў ноты і гарманізаваў асобныя музычныя творы, шукаючы і звяраючы іх з арыгіналамі.

Традыцыйныя напевы і творы вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага былі запісаныя паводле музычных выданняў «Царкоўны спеўнік» і «Спевы Боскай Літургіі», якія былі выдадзеныя ў Лондане пад рэдакцыяй Гая Пікарды — музыказнаўцы з Вялікабрытаніі з французскімі каранямі, даследчыка беларускай культуры. Абыходны напеў — паводле «Палескага зборніка» (1929).

Дыск «Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага» быў падораны папу Францішку. «Гэта дар вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, асабліва моладзі, якія на роднай мове моляцца за папу, за Каталіцкую Царкву ды за сваю Бацькаўшчыну Беларусь, асабліва ў гэтыя дні», — сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек) Святому Айцу. 

Папа Францішак перадаў сваё блаславенне беларускім грэка-каталікам.

Набыць дыск можна ў парафіі святога Язэпа ў Мінску (вул. Арджанікідзэ, 6).

Запіс таксама даступны да праслухоўвання ў інтэрнэце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна