8 чэрвеня на сайце чарнасоценскай арганізацыі «Румол» з’явіўся нарыс 19-гадовага студэнта Інстытута журналістыкі БДУ, прысвечаны акцыі «Маладога фронту» на адкрыцці расійскага графіці ў Мінску.

Другакурснік Даніла Цітарэнка паспрабаваў высмеяць Дашкевіча і ягоных паплечнікаў, называючы іх «жалкімі парнішкамі», «рабяцішкамі» і «нашчадкамі паскуд», якія «скандавалі нацысцкія лозунгі пад нацысцкай сімволікай».

Скрыншот з сайта актывістаў па прасоўванні «рускага свету» у Беларусі.

Скрыншот з сайта актывістаў па прасоўванні «рускага свету» у Беларусі.

Загінулы ва Украіне Алесь Чаркаш (аўтар памыліўся ў прозвішчы — Чаркашын) — «адкід». Журналіст «Радыё Свабода» Антон Трафімовіч — «субтыльны белабрысы юнак».

Таксама студэнт «павучыў гісторыі» «Малады Фронт», напісаўшы, што ў часы казацкіх войнаў і паўстання Каліноўскага беларусы ваявалі з палякамі.

«А калі ж беларусы ваявалі з рускімі? — піша аўтар «Румола». — Толькі просьба, спасылкі на сайты «Беларускага партызана» і падобных не дасылаць».

Поўную версію ягонага нарыса можна прачытаць тут.

Даніла Цітарэнка, фота са старонкі УКантакце.

Даніла Цітарэнка, фота са старонкі УКантакце.

«Наша Ніва» пацікавілася ў хлопца, што падштурхнула яго пісаць абразлівыя матэрыялы на чарнасоценскі сайт.

Хлопец адразу сказаў, што нарадзіўся ў Мінску, але працяглы час жыў у расійскім Новым Урэнгоі, і вось цяпер вярнуўся ў Беларусь, каб атрымаць вышэйшую адукацыю.

«Яны падаліся мне вельмі маладымі», — так 19-гадовы студэнт патлумачыў, чаму назваў «жалкімі парнішкамі» маладафронтаўцаў.

«Проста не тое што мне гэтыя хлопцы не падабаюцца, мне не падабаюцца іхнія метады. Я ў тым жа «Румоле» асвятляў Чарнобыльскі шлях, і я не памятаю, каб туды прыйшоў хтосьці з рускім сцягам і пачынаў крычаць супрацьлеглыя воклічы. Я не асабліва ўяўляю, каб на дзеянні апазіцыі хтосьці прыйшоў і перашкаджаў. Бо мерапрыемства (адкрыццё графіці) было па факце сарванае. Я бачыў вядучага, бачыў ягоны план адкрыцця, замест гэтага прадстаўнік мэрыі Масквы ўсяго толькі перадаў памятны дыплом прадстаўніку Мінска. Ну што гэта такое? Іхнія паводзіны мне вельмі не падабаюцца. Таму я напісаў матэрыял», — патлумачыў Даніла.

Пра сфармуляваны Янкам Купалам вокліч «Жыве Беларусь» хлопец сказаў, што ён нацысцкі, як і нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг.

Маўляў, усё гэта — сімволіка калабарацыяністаў, «кшталту БКА ці Чорнага Ката», такіх ведаў хлопец набраўся ў «навуковых рэцэнзаваных выданнях».

Але вось калі «нацысцкі» лозунг «Жыве Беларусь» выкарыстоўваецца разам з цяперашняй дзяржаўнай сімволікай, то гэта, паводле хлопца, — ужо іншая справа.

Сучасная ж расійская сімволіка яго не засмучвае. Паводле Данілы, расійскія калабаранты выкарыстоўвалі андрэеўскі сцяг. Пра тое, што большасць «белых» злучэнняў расійскіх калабарантаў ваявалі пад сучасным бела-сіне-чырвоным сцягам, ён не чуў.

Мы пацікавілісяі таксама, як ён ставіцца да класікаў беларускай літаратуры.

«Васіль Быкаў вельмі падабаецца, я на сярэдзіне «Альпійскай балады», а яшчэ Янка Брыль вельмі падабаецца», — сказаў хлопец і выказаў здагадку, як жа так атрымалася, што ветэран вайны Быкаў лічыў сваёй сімволікай «нацысцкую».

«Я ведаю, што пісьменнікі — гэта людзі, якія часта змяняюць свае пераканані. Добры ўзор — шматлікія манархічныя пісьменнікі часоў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі змянілі свае перакананні. Ёсць і адваротныя выпадкі, калі сацыялісты былі змушаныя эміграваць праз змяненне поглядаў. Я не лічу, што ў Васіля Быкава былі трывалыя погляды. Штосьці на яго паўплывала», — сказаў Даніла.

«Аўтар і ягоныя творы — гэта розныя рэчы. Вось мне творы Лермантава падабаюцца, у якасці прыкладу, але яго самога я лічу ну не вельмі добрым чалавекам. І гэта звычайная рэч, калі аўтар — кепскі чалавек, а ягоныя творы — вялікія», — падсумаваў студэнт, дадаўшы, што падыскутаваў бы з Быкавым, калі б той дажыў да сёння.

Далей хлопец расказаў, што не лічыць румолаўцаў чарнасоценцамі, бо за сваё жыццё бачыў куды болей шавіністычныя арганізацыі.

А мэта ягонага сяброўства з «Румолам» — гэта «супрацьстаянне шалёнай русафобіі ў апазіцыйных СМІ». Як узор такога «СМІ» ён назваў сайт «Беларускага партызана», але мы зрабілі заўвагу, што такое «СМІ» нідзе не зарэгістравана.

Радыё «Свабода» таксама не зарэгістраванае СМІ — парыраваў хлопец і вельмі здзівіўся, дазнаўшыся, што ў «Свабоды» тут акрэдытаваны карпункт на дзясятак чалавек.

Пасля гэтага хлопца панесла ў эканамічныя развагі.

«Русафобію ў Латвіі і Эстоніі зрабілі падмуркам свайго валавага прадукта. Ніякай канкурэнтнай эканомікі яны дагэтуль не стварылі, ніякіх прыродных рэсурсаў ні ў Эстоніі ні ў Латвіі няма», — выпаліў хлопец.

Мы нагадалі яму, што сярэдні заробак у Эстоніі — 1210 еўра

Хлопец з тым пагадзіўся, але знайшоў новы «аргумент».

«А вы лічыце, што гэтыя краіны незалежныя? Яны ў складзе Еўрапейскага Саюзу! Іх замежнаэканамічныя і замежнапалітычныя рашэнні залежаць ад Еўрасаюза, яны не цалкам незалежныя. А ў Беларусі ўзровень жыцця і заробкі ніжэйшыя, бо мы па факце незалежныя», — сказаў аўтар «Румола», але падкрэсліў, што ён выступае за сяброўства з Расіяй і супраць аб'яднання, бо «ўнутраныя сілы зробяць так, што яно вылезе бокам».

Таксама студэнт падзяліўся з намі сваімі ведамі гісторыі Беларусі — гэтай навукай, паводле хлопца, ён вельмі цікавіцца.

Так, Даніла перакананы, што сацыял-дэмакраты — заснавальнікі БНР, і маскоўскія камуністы — стваральнікі СССР — гэта адное і тое ж.

Апроч гэтага, хлопец насамрэч думае, што беларускі народ ніколі не ваяваў з рускімі. Вось што ён расказаў нам пра Лівонскую вайну, якую мы прывялі ў якасці аднаго з прыкладаў.

«Тады гаворка ішла пра вайну рускага цара і, ой, не нагадаеце, Рэч Паспалітая ўжо была? Ну дык вось, і Рэччу Паспалітай — аб’яднаннем некалькіх народаў. А беларуская дзяржава з’явілася нашмат пазней», — сказаў хлопец, паўтарыўшы схему ідэолагаў заходнерусізму.

(Насамрэч Рэч Паспалітая ўтварылася праз 10 гадоў пасля пачатку Лівонскай вайны. Адбылося гэта па ініцыятыве ВКЛ у адказ на акупацыю Полацка маскоўцамі. Насельніцтва Полацка тады выразалі, пасля чаго ён больш ніколі не дасягне былой велічы. Дарэчы, першая беларуская газета выйшла менавіта праз знішчэнне Полацка, яна называецца «Навіны грозные а жалостлівые…». Пра гэта расказваюць у курсе гісторыі на 3-м курсе, да якога Даніла яшчэ не давучыўся — Аўтар.)

Напрыканцы размовы мы нагадалі Данілу пра лёс чарнасоценца Кірыла Авер’янава-Мінскага, які дапісаўся да таго, што яго пазбавілі беларускага грамадзянства і забаранілі ўезд у краіну.

Даніла сказаў, што думаў пра гэта, і абяцаў «быць аб’ектыўным».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?