Фота zazhizn.dp.ua.
Па двух фактах смерці парадзіх у Маладзечанскай радзільні праведзены даследчыя праверкі. Як адзначаюць у СК, абставіны здарэння былі ўсебакова вывучаны, улічаная іх сацыяльная значнасць.
Следчыя высветлілі, што смерць абедзвюх жанчын наступіла ў выніку анафілактычнага шоку на два розныя прэпараты.
«У першым выпадку, згодна з заключэннем судовых медыкаў, устаноўлена прычына смерці — анафілактычны шок у выніку ўвядзення кроваспыняльнага прэпарата. Следчыя таксама вывучалі механізм дзеяння дактароў і аказання дапамогі, а таксама адпаведнасць іх клінічным пратаколам. Акрамя таго, канфіскоўвалася і вывучалася ўся медыцынская дакументацыя. Апытваўся персанал, які працаваў у той дзень.
Клінічны пратакол — дакумент, што зацвярджаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Беларусі і ўстанаўлівае агульныя патрабаванні да аказання медыцынскай дапамогі пацыенту пры пэўным захворванні, з пэўным сіндромам або пры пэўнай клінічнай сітуацыі.
У другім выпадку меўся відэазапіс з камеры назірання за аперацыйнай, дзе праводзілася медыцынскае ўмяшанне. Гэта дапамагло следству пасекундна вывучыць, як дзейнічалі дактары, і ў прыватнасці доктар-рэаніматолаг, калі з'явіліся першыя прыкметы анафілактычнага шоку (прыкладна праз 20 секунд). У гэтым выпадку шок развіўся пасля ўвядзення антыбактэрыйнага прэпарата», — распавяла Юлія Ганчарова.
Па другім выпадку ўстаноўлена, што гэты ж антыбактэрыйны прэпарат жанчына ўжо прымала раней, і тады ніякіх скаргаў або ўскладненняў адзначана не было. Эксперты вывучылі канцэнтрацыю ўведзенага антыбактэрыйнага прэпарата (для даследавання на магчымае перавышэнне) і ўстанавілі, што нормы перавышаныя не былі.
Анафілактычны шок — алергічная рэакцыя неадкладнага тыпу, якая характарызуецца рэзка падвышанай адчувальнасцю арганізма, што развіваецца пры паўторным увядзенні алергена. Адно з найбольш небяспечных ускладненняў лекавай алергіі, якое ў 10-20% выпадкаў прыводзіць да смерці. Хуткасць узнікнення анафілактычнага шоку — ад некалькіх секунд ці хвілін да 5 гадзін ад пачатку кантакту з алергенам, прыводзіць дадзеныя медыкаў Вікіпедыя.
Устаноўлена, што якасць і тэрміны прыдатнасці прэпаратаў, а таксама механізм іх выкарыстання адпавядаў патрабаванням. Абодва прэпарата ў краіне дапушчаныя і шырока выкарыстоўваюцца ў медыцынскай практыцы.
Да правядзення даследчых праверак прыцягвалі яшчэ і іншых дактароў-практыкаў з багатым досведам.
«У абодвух выпадках праводзіліся праверкі на наяўнасць у дзеяннях медыкаў прыкмет злачынства, прадугледжанага арт. 162 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам»).
Пасля ўсебаковага вывучэння абставінаў трагедый вынесена рашэнне адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы», — падагульніла Юлія Ганчарова.
Вядома, што падчас першага і другога выпадкаў з парадзіхамі працавалі дзве розныя медыцынскія брыгады.





