Нядаўна стала вядома, што Белавія зрабіла рэдызайн свайго лагатыпа — цяпер ім будзе белы васілёк на блакітным полі. Прынамсі адзін самалёт ужо мае на фюзеляжы гэты сімвал.
Астатнія ж пакуль лётаюць са старым — чырвоным крылом на белым полі.
Сёння ўжо мала хто памятае (а хто і не ведае), што ў 92-м гэты лагатып зацвердзіла тагачасная Спецыяльная камісія па сімволіцы пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета.
Старшынёй там быў Алег Трусаў (сёння — старшыня ТБМ імя Скарыны), ягонымі намеснікамі — былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, а таксама Валянцін Голубеў.
Да таго ж, у абмеркаванні бралі ўдзел дызайнеры, мастакі, прадстаўнікі авіяцыі і іншых дзяржаўных ведамстваў.
Лагатыпам беларускай авіяцыі абралі знак, які ўтварыўся ад бела-чырвона-белага сцяга: чырвоная паласа на ім расшчэпленая на некалькі ліній у выглядзе крыла самалёта.
«Цешыла душу, што колькі гадоў мінула з ганебнага рэферэндуму, а беларуская авіяцыя ўсё яшчэ лётала пад бела-чырвона-белым знакам. Гэты сімвал увайшоў у гісторыю авіяцыі назаўжды — яго цяпер ведаюць ва ўсім свеце і, я думаю, ён яшчэ вернецца», — так «Нашай Ніве» пракаментаваў сітуацыю з лагатыпам Алег Трусаў.
А вы што думаеце, які лагатып прыгажэйшы?





