У ноч на 7 жніўня памежнікі Луцкага і Пінскага атрадаў спынілі незаконную перапраўку коней праз беларуска-ўкраінскую мяжу.

Аперацыя ўдалася дзякуючы аператыўнаму абмену інфармацыяй, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны.

Групу невядомых, якія мелі намер верхам на конях незаконна перасячы мяжу, выявілі беларускія памежнікі. Парушальнікаў спрабавалі спыніць папераджальнымі стрэламі, «аднак непасрэдная блізкасць лініі мяжы дала магчымасць правапарушальнікам знікнуць на тэрыторыі Украіны». Недалёка ад месца парушэння мяжы ўкраінскія праваахоўнікі затрымалі двух мясцовых жыхароў без дакументаў. Яны прызналі сваё дачыненне да незаконнага перамяшчэння коней з мэтай продажу. «Затрыманыя патлумачылі, што пасля стрэлаў спалоханыя коні скінулі вершнікаў і з перапуду ўцяклі, а дзе знаходзяцца астатнія змоўшчыкі, ім невядома».

Зараз па абодва бакі мяжы высвятляецца кола асоб, якія маюць дачыненне да перамяшчэння коней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?