Міністэрства абароны Украіны апублікавала фота падрыхтоўкі да вайсковага параду на Дзень Незалежнасці, якая адбываецца на аэрадроме пад Кіевам.
Вайскоўцы будуць маршыраваць у новай параднай і баявой форме, якая спалучае сучаснасць і гістарычныя традыцыі ўкраінскай вайсковасці.
Новую форму пачалі распрацоўваць яшчэ ў 2014 годзе, каб адлюстраваць разрыў з савецкім расійскім ідэалагічным уплывам.
Амаль усе ўдзельнікі парада — ветэраны баёў на Данбасе.
Сухапутныя сілы атрымалі парадную форму — фрэнч зялёнага колеру, падобны да фрэнча арміі УНР. ВПС Украіны маюць фрэнчы блакітна-шэрага колеру, вайскоўцы Сіл спецыяльных аперацый — форму сталёвага адцення.
Парадная форма шыецца з матэрыялу (2/3 бавоўны, 1/3 сінтэтыкі) ад беларускага вытворцы. Берэты вырабляюцца з напаўваўнянай тканіны індыйскай кампаніі.





