18 жніўня барысаўскі БАТЭ правёў першы матч раўнда плэй-оф Лігі Еўропы па футболе. У сталіцы Казахстана наш клуб гуляў з «Астаной».
Папярэдні выезд БАТЭ ў Казахстан быў такі, што горш і не прыдумаеш. У 2013 годзе наш чэмпіён саступіў у Карагандзе мясцоваму «Шахцёру» і пакінуў Лігу чэмпіёнаў. Цяпер часткова можа паўтарыцца тая ж гісторыя.
У БАТЭ на гульню не выйшаў цэлы шэраг футбалістаў: траўмаваныя Мілунавіч, Пік, Дубра, атруціўся Ігар Стасевіч. Некаторыя з іх маглі выйсці, але Ермаковіч вырашыў не рызыкаваць здароўем на штучным пакрыцці «Астаны».
Казахстанцы выйшлі на гульню больш зараджанымі. Яны гулялі больш шырока і востра. А яшчэ вельмі небяспечна — ужо ў першым тайме поле вымушаны быў пакінуць Аляксандр Глеб, па твары якога цякла кроў.
У другім тайме гэтаксама разбілі твар нашаму брамніку Сяргею Верамко. Магчыма, у гэтым моманце Верамко і варта было замяняць. Сяргей памыляўся і да гэтага, аднак мяняць брамніка — вельмі адказная справа.
На 70-ай хвіліне памыліўся цэнтральны абаронца Гайдучык, а Кабананга прадэманстраваў свае найлепшыя якасці — 1:0.
Праз 10 хвілін проста шкалярскую памылку дапусціў Верамко, які вынес мяч на нагу Нургуліеву, які перакінуў нашага кіпера — 2:0.
Гульня ў адказ пройдзе праз тыдзень у Барысаве. Шанцаў у БАТЭ на еўракубкавую восень застаецца вельмі-вельмі мала.





