Юрый Бандарэнка, дырэктар гімназіі, быў затрыманы 18 жніўня на сваім працоўным месцы.
Юрый Бандарэнка. Фота gymn4.minsk.edu.by
«Затрымалі яго ўдзень, непасрэдна ў гімназіі. Перакрыты быў цэлы паверх, туды нікога не пускалі. У кабінеце дырэктара правялі вобшук, у панятыя ўзялі двух сакратароў і завуча, — паведаміла «Нашай Ніве» крыніца, якая працуе ў навучальнай установе. — Кажуць, што гэта былі супрацоўнікі КДБ, бо хтосьці бачыў надпіс на пячатцы… Але гэта могуць быць і чуткі. Дакладна пакуль невядома. Увогуле, з калектывам гімназіі асабліва ніхто не размаўляў. За што затрымліваюць Бандарэнку, не паведамлялі. Вобшук праводзілі пяцёра ў цывільным. Вядома, што яны забіралі паперы з кабінета Бандарэнкі, прычым толькі тыя, дзе было штосьці напісана яго ўласнай рукою — надрукаванага не бралі».
Юрый Бандарэнка працаваў дырэктарам гімназіі №4 з 1997 года. Ягоны педагагічны стаж складае 45 гадоў.
Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне Юрыя Бандарэнкі пакуль няма.
Крыніцы ў гімназіі звязваюць затрыманне з гаспадарчай дзейнасцю або з пытаннямі да прыёму дзяцей у гімназію. Палітыкі тут быць не можа, кажуць у гімназіі.





