У 35-гадовага паўабаронцы БАТЭ Аляксандра Глеба дыягнаставаны пералом скулы, спатрэбіцца аперацыя, паведаміла прэс-служба барысаўскага футбольнага клуба.
Глеб быў заменены на 39-й хвіліне першага матча плей-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы УЕФА супраць «Астаны» пасля сутыкнення з абаронцам гаспадароў Юрыем Лагвіненкам. Затым футбаліста даставілі на абследаванне ў адну з мясцовых бальніц.
У клініку адправіўся і варатар БАТЭ Сяргей Верамко, які пацярпеў у сутыкненні з паўабаронцам Серыкжанам Мужыкавым на 62-й хвіліне, але дагуляў да канца сустрэчы. Галкіперу ўправілі пераламаны нос.
Пра тэрмін вяртання Глеба ў строй не паведамляецца.
Гульня ў Астане завяршылася з лікам 2:0 на карысць гаспадароў. Паядынак у адказ адбудзецца 25 жніўня ў Барысаве.





