Мінскі метрапалітэн пяройдзе на зімовы графік руху электрацягнікоў з 27 жніўня, паведаміў начальнік службы руху дзяржаўнага прадпрыемства Ігар Дадалка.
Па буднях і выходных скароцяцца інтэрвалы руху цягнікоў, саставы пачнуць хадзіць часцей, сказаў суразмоўца.
Так, на першай лініі ў суботу інтэрвалы руху цягнікоў скароцяцца з 6 да 5 хвілін, у нядзелю — з 6,5 да 5,5 хвілін. На другой (аўтазаводскай) лініі інтэрвалы таксама стануць карацейшымі на 1 хвіліну: па суботах — з 6 да 5 хвілін, у нядзелю — з 7 да 6 хвілін.
У буднія дні інтэрвал руху па першай лініі метро ў ранішнія і вячэрнія гадзіны пік складзе 2 хвіліны (у летні час — 2,5 хвіліны), на другой лініі — 2 хвіліны (супраць 3 хвілін).
Час руху першых і апошніх саставаў метро не зменіцца, дадаў прадстаўнік метрапалітэна.
Пераход сталічнай падземкі на летні рэжым быў ажыццёўлены ў гэтым годзе з 27 чэрвеня.





