Блогер d-zholik абурыўся няпоўнай інфармацыяй пра кандыдата Васіля Задняпранага, апублікаванай Сеніцкай акружной камісіяй. Справа ў тым, што старшыня кішэннай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці меў судзімасць у 2008 годзе па ч. 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса.
Васіль Задняпраны — супернік «атамана» Улаховіча.
У афіцыйных дакументах акружная камісія апісала гэты выпадак нейтральна — як «здзяйсненне дарожна-транспартнага здарэння па несцярожнасці». Аднак насамрэч артыкул, па якім прыцягваўся да адказнасці Задняпраны, гучыць іначай: «парушэнне ПДР, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека альбо прычыненне цяжкага цялеснага паходжання».
У Сеніцкай акрузе №76 адмовіліся тлумачыць, чаму была абраная такая фармулёўка. Старшыня камісіі Валянціна Кулеш заявіла, што не ўводзіць выбарцаў у зман, але адмовілася адказваць на пытанні «Нашай Нівы».
Што ж за інцыдэнт здарыўся з Задняпраным у 2008 годзе?
«Быў дождж, коўзкая дарога… На дарогу выскачыла жанчына. Атрымала траўму, пералом нагі. Яна была на бальнічным 24 дні, мы з ёй дагэтуль сябруем, яна вельмі добры чалавек», — расказаў ён.
Па словах Задняпранага, ён атрымаў штраф і «абмежаванне на год на выезд за мяжу».
Магчымае пакаранне па па ч. 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса — папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў альбо абмежаванне/пазбаўленне свабоды на тэрмін да пяці гадоў.





