У гэты дзень вызначыцца пераможца, які прадставіць Беларусь у лістападзе бягучага года на прэстыжным міжнародным музычным форуме ў горадзе Валета (Мальта), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Фінальнае шоу ў форме гала-канцэрта пакажуць у прамым эфіры на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга, трансляцыя пачнецца ў 22.00. Пераможца будзе вызначаны па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Адкрые гала-канцэрт прадстаўнік Беларусі на «Еўрабачанні-2015» Руслан Асланаў. Ён выканае песню «Чараўніцтва», з якой на міжнародным песенным форуме заняў чацвёртае месца. Спецыяльна для канцэрта Руслан падрыхтаваў песню з рэпертуару сусветна вядомай групы Aerosmith. Магчымасць выступіць у якасці гасцей атрымаюць юнакі і дзяўчаты, якім не ўдалося прайсці ў фінал нацыянальнага адбору гэтага года, але прафесійнае журы адзначыла высокі ўзровень іх творчых нумароў у час праслухоўвання. На адну сцэну з галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу выйдуць Асоль Амброзяк, Паліна Русецкая, Аляксандра Лакціёнава, ансамбль «Заранак», Біята Кабірава і Ігар Мураўкін.

У час фінальнага шоу чакаецца традыцыйны відэазварот з Мальты як краіны — арганізатара дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016».

Тым часам прэтэндэнты ўзмоцнена рыхтуюцца да фіналу. За права прадстаўляць краіну на міжнародным конкурсе паспаборнічаюць Марыя Магільная (Магілёў), шоу-група «So-Ni-Ka» (Віцебск), Алена Цітова (Магілёў), Юлія Мажылоўская (Мінск), Стафанія Сакалова (Мінск), група «Нясумны ўзрост» (Мінск), Марыя Жыліна (Мінск), Зінаіда Купрыяновіч (Мінск), Вольга Канавалава (Магілёў) і Аляксандр Мінёнак (Мінск). Выступленню кожнага фіналіста будуць папярэднічаць відэавізіткі. З 22 жніўня іх можна будзе ўбачыць у праграме «Добрай раніцы, Беларусь!».

Арганізацыю нацыянальнага адбору і падрыхтоўку да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016» ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0