Беларускі малатабоец Іван Ціхан стаў срэбным прызёрам Рыа-2016! У фінале ён кінуў снарад на 77,79 м.

Апроч яго, у тройку прызёраў патрапілі таджык Дылшод Назараў (78,68) і паляк Войцех Навіцкі (77,73).

Яшчэ адзін беларус, Сяргей Каламоец, стаў дзявяты.

Пра Івана Ціхана напісаныя сотні артыкулаў, з ім зробленыя дзясяткі інтэрв’ю. «Наша Ніва» нагадвае гісторыю жыцця гэтага выбітнага спартоўца.

Другі ў гісторыі молата

Кіданне молата — адзін з рэдкіх відаў спорту, дзе сусветны рэкорд трымаецца вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў. У 1986 годзе савецкі спартсмен Юрый Сядых шпурнуў молат на 86,74 метра.

Найбліжэй да гэтага дасягнення Ціхан падабраўся на чэмпіянаце Беларусі ў 2005 годзе. Тады ад рэкорда Сядых ён адстаў на адзін сантыметр.

Але, апроч іншага, кіданне молата — адзін з «допінгавых» відаў спорту. Вынікі спаборніцтваў неаднаразова пераглядаюцца, бо колішніх чэмпіёнаў ловяць на допінгу.

«У цэлым гэтую негатыўную з'яву я, вядома, асуджаю, — казаў пра допінг Ціхан. — А вось з нагоды спартоўцаў не злараднічаю. Яны таксама людзі, толькі больш, чым іншыя, схільныя да спакусы».

Да Рыа — не вышэй за бронзу

На Алімпіядах спартсмена часцяком пераследавалі няўдачы. Ціхан прыязжаў асноўным фаварытам і ўсё ніяк не мог апраўдаць чаканняў.

Сіднэй-2000: да медаля не хапіла сантыметра

Лідарам зборнай тады быў ветэран Ігар Астапковіч. У фінале ён фінішаваў трэцім, прычым прадэманстраваўшы аднолькавы вынік з Ціханам — па 79,17 метра. Бронзавы медаль дастаўся ветэрану за кошт лепшага другога кідка. А Ціхану засталося крыўднае чацвёртае месца.

Афіны-2004: дыскваліфікацыя праз восем гадоў

На гэтай Алімпіядзе ў фінал трапілі ўжо трое беларусаў — да згаданых Ціхана і Астапковіча дадаўся Вадзім Дзевятоўскі (падчас папярэдніх Гульняў ён быў дыскваліфікаваны за допінг).

Ціхан перамог у кваліфікацыі, а ў фінале стаў трэцім з кідком на 79,81 м. Аднак медаль урэшце давялося вярнуць.

Справа ў тым, што праз восем гадоў допінг-пробу Ціхана пераправерылі і знайшлі ў ёй забароненыя рэчывы. Гэтаксама страціў залаты медаль яго супернік з Венгрыі.

Пекін-2008: медаль і бясконцыя суды

На Гульнях у Азіі на п’едэстал узняліся і Дзевятоўскі (срэбра), і Ціхан (бронза). Каб дабрацца да медаля, Ціхану давялося кінуць молат на 81,51 м.

…Праз некалькі месяцаў у абодвух беларусаў у крыві знайшлі павышаны ўзровень тэстастэрону. Медалі давялося аддаць.

Спартоўцы даводзілі сваю праўду ў судах два гады і змаглі перамагчы — у сувязі з парушэннямі пры правядзенні допінг-кантролю. Ці быў насамрэч павышаны тэстастэрон, засталося невядома.

З Вадзімам Дзевятоўскім (злева).

З Вадзімам Дзевятоўскім (злева).

Лондан-2012: знялі за дзень да выступлення

Ціхан ехаў на Алімпіяду ў якасці лідара сезону, але прыняць удзел у спаборніцтвах не змог. «Дапамагла» пераправерка допінг-пробы за Афіны. Ціхан атрымаў дыскваліфікацыю.

Некаторыя меркавалі, што гэта была помста з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Паміж Алімпіядамі спартовец паспеў стаць чэмпіёнам свету ў 2003, 2005 і 2007 гадах. Праўда, медаль за 2005 год давялося вярнуць, бо Ціхана злавілі на допінгу.

Нянавісць паляка

Беларусы і палякі выступаюць у кіданні молата традыцыйна моцна. І адносіны паміж спартсменамі суседніх краін далёкія ад цеплыні.

Палякі Павел Файдэк (у цэнтры, чэмпіён свету 2013 і 2015 гадоў) і Войцех Навіцкі (справа) на дух не пераносяць Ціхана.

«Нягледзячы на ганебнае мінулае, Ціхан працягвае ўдзельнічаць і будзе нам перашкаджаць. <…> Самае дрэннае — гэта яго паводзіны. Калі адмыслова ўжываеш допінг, робіш гэта на працягу многіх гадоў, то прыязджаючы на спаборніцтвы, павінен інакш паводзіць сябе. А ён што? Шчыра вітаецца, абдымаецца… Я яму рукі не падаў», — абураўся Файдэк.

У 2015 годзе палякі нават не дапусцілі Ціхана да турніра ў Шчэціне, куды папярэдне запрасілі яго!

«Мы вырашылі, што будзе лепш для ўсіх, калі Ціхан не будзе ўдзельнічаць на турніры. Бо бываюць розныя выпадкі, калі спартоўцы сутыкаюцца з допінгам і яго прымяненнем. Але самае страшнае, калі гэта адбываецца на Алімпіядзе. Там, дзе спартсмены прэтэндуюць на высокае званне Алімпійскага чэмпіёна. Так што такіх, як Ціхан, трэба ізаляваць ад стартаў», — заявіў польскі двухразовы алімпійскі чэмпіён у штурханні ядра Томаш Маеўскі, які стаў ініцыятарам самасуда.

Варта ўсё ж удакладніць, што ніводзін з пералічаных вышэй палякаў на допінгу ні разу не трапляўся.

Падчас Рыа-2016 Павел Файдэк, які лічыўся адным з фаварытаў, сенсацыйна вылецеў у кваліфікацыі.

«Файдэк яшчэ малады. Можа, гэта яго меркаванне, а можа, хтосьці навязаў. Я ні ў якім разе не асуджаю, нават думкі такой не ўзнікала. Нармальны хлопец, тым больш паляк — наш сусед. У яго ўсё наперадзе, не выключана, яшчэ зменіць стаўленне да дадзенай сітуацыі», — паблажліва пракаментаваў сітуацыю Ціхан.

Мясцовы дэпутат

Вадзім Дзевятоўскі, партнёр Ціхана па малатабойнай зборнай Беларусі, сёлета пераабіраецца ў палату прадстаўнікоў.

Робіць першыя крокі ў беларускай палітыцы і сам Ціхан. У 2007 годзе яго запісалі ў ініцыятыўную групу па стварэнні «Белай Русі».

А ў 2014 годзе Ціхан балатаваўся ў Гродзенскі абласны савет дэпутатаў. Ён вылучаўся кандыдатам як намеснік старшыні Гродзенскай абласной структуры «Дынама», а пасля перамогі стаў падпісвацца як інструктар па спецыяльнай падрыхтоўцы вайсковай часці №5448.

Жонка — расійская спартоўка

Будучы чэмпіён нарадзіўся ў вёсцы Глоўсевічы Слонімскага раёна — гэта некалькі кіламетраў ад Жыровічаў. Дарэчы, Ціхан — актыўны вернік.

У бацькоў, Ніны Іванаўны і Рыгора Мікадзімавіча, былі тры дачкі і адзін сын. У Іване ўбачылі перспектыўнага бегуна. Аднак калі Ціхан імкліва набраў вагу, яго аддалі ў кіданне молата.

«Выгляд — відаць за вярсту, што не сталічны жыхар. У размове праскоквае дыялект. Прыязджаю да бацькоў — зусім на іншай мове гавару. Часам, размаўляючы са спартоўцамі-расейцамі, хочацца ўкруціць беларускае слоўца: няхай народ паламае галаву, што я такога сказаў», — расказваў пра сябе спартсмен.

Яго жонка — руская, яна некалі таксама была легкаатлеткай. Вольга Тарантаева (цяпер Ціхан) займалася кіданнем дыска, але скончыла кар’еру на моладзевым узроўні.

У сям’і двое дзяцей. Сыну Івану 13 гадоў, а дачка Вера сёлета пойдзе ў першы клас.

Паводле інфармацыі гродзенскай прэсы, Ціханы жывуць у адным са спальных раёнаў Гродна і будуюць катэдж на атрыманым участку ў Каложскім парку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?