«Купалаўскія чытанні» да 25-х угодкаў надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона ў Мінску скончыліся тым, што некалькі правакатараў шпульнулі яйкамі ў людзей на плошчы Незалежнасці і кінуліся наўцёкі.
Усё гэта адбывалася на вачах дзясяткаў міліцыянтаў у цывільным, некаторыя з якіх нароўні з маладафронтаўцамі пабеглі лавіць нападнікаў. Але ўчора пошукі нічым не скончыліся.
Сёння мы пацікавіліся ў мінскай міліцыі, ці ёсць прагрэс у высвятленні асоб невядомых.
«Па дадзенай тэме заяваў у Маскоўскі РАУС не паступала, — сказаў нам прэс-афіцэр мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. — Таму цяжка апераваць канкрэтнымі юрыдычнымі фактамі, накшталт «Па дадзеным выпадку адміністратыўна затрыманыя такія вось грамадзяне». А такога юрыдычнага факту няма. Я не магу звязаць асобы затрыманых менавіта з гэтым выпадкам на плошчы Незалежнасці, бо адміністратыўна затрымліваюцца дзясяткі чалавек у дзень. Я пакуль не магу дакладна сказаць, ці ёсць сярод іх тыя, пра каго вы кажаце».
Ластоўскі нагадаў, што міліцыя ўчора спрабавала затрымаць нападнікаў.
«Вы самі гэта бачылі», — сказаў ён і дадаў, што міліцыя паведаміць, калі будзе новая інфармацыя па гэтай справе.





