У 2000-я калумбійскі ўрад нанёс цяжкія паразы баевікам-марксістам з групоўкі FARC — «Рэвалюцыйных ўзброеных сіл Калумбіі». Паразы прымусілі левых радыкалаў пагадзіцца на мірныя прапановы законных уладаў, паведамляе CNN.
Пасля перамоў абодва бакі заявілі 25 жніўня, што дасягнулі згоды адносна спынення баявых дзеянняў і будуць разам імкнуцца да «трывалага міру».
У пачатку кастрычніка ўрад правядзе рэферэндум, на якім грамадзяне павінны прагаласаваць «за» ці «супраць» пагаднення з FARC.
Войскі знішчаюць какаінавую лабараторыю ў джунглях. Фота cbc.ca
Калі насельніцтва пагодзіцца на мір з левымі, арганізацыя пачне вывад сваіх баевікоў з джунгляў. Баевікі адправяцца ў лагеры для раззбраення, якія будуць знаходзіцца пад кантролем ААН.
Яшчэ адным пасрэднікам паміж варожымі бакамі будзе каталіцкі касцёл, які баевікі-камуністы заўсёды лічылі адным са сваіх ворагаў.
Групоўка «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі», якая атрымлівала падтрымку зброяй і фінансамі ад СССР і іншых камуністычных краін, зарабляла грошы гандлем наркотыкамі, выкрадаючы людзей за выкуп, а таксама проста катавала і забівала нязгодных.
Вялікая частка калумбійцаў на рэферэндуме можа прагаласаваць супраць міру з людзьмі, якіх лічаць злачынцамі, піша BBC.
Дэманстрацыя супраць саступак камуністам. Фота cbc.ca
У грамадзянскай вайне, якая пачалася ў 1960-я гады, як лічыцца, загінулі больш за 200 тысяч чалавек, яшчэ пяць мільёнаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Згодна з інфармацыяй іспанскай газеты El Pais за 2008 год, венесуэльскі прэзідэнт Уга Чавес спрабаваў узброіць калумбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі. Гэтыя меркаванні заснаваныя на дакументах, знойдзеных у камп’ютары забітага лідара FARC.





