Фота: sauletta.by

Фота: sauletta.by

Асноўныя святкаванні з гэтай нагоды разгорнуцца каля Палаца спорту і на тэрыторыі Верхняга горада, а ўсяго ў рамках Дня горада пройдзе прыкладна 90 мерапрыемстваў.

На 11.00 запланавана ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак ад кіраўніцтва горада да абеліска «Мінск — горад-герой» на праспекце Пераможцаў. У ёй возьме ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

У 12.00 у канцэртнай зале «Верхні горад» пачнецца цырымонія шлюбу дзевяці пар з розных раёнаў Мінска, якая стала ўжо традыцыйнай у Дзень горада.

У гэты ж час каля Палаца спорту адкрыецца святочная праграма з удзелам творчых калектываў і майстроў мастацтваў Беларусі. Будзе працаваць выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці «Горад майстроў», кухары сталічнага грамадскага харчавання правядуць майстар-класы па прыгатаванні страў беларускай кухні, на сцэне выступяць сталічныя кавер-бэнды. Тут жа адбудзецца спартыўнае мерапрыемства «Жалезны пажарны» і міжнародны турнір па сілавым экстрыме Minsk Open Cup-2016.

У Мінскім палацы дзяцей і моладзі на Старавіленскім тракце апоўдні пачнецца Свята сям'і. А па вуліцы Сталетава, 1, у 12.00 адкрыецца Парк экстрэмальных відаў спорту.

У 13.00 на тэрыторыі Верхняга горада будзе ўрачыста адкрыты помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку.

У 18.00 каля Палаца спорту музычную праграму «Класіка любімаму гораду» прадставіць Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. На канцэрце таксама выступяць папулярныя беларускія выканаўцы Дзмітрый Калдун, гурт «Дразды» і іншыя.

У гэты ж час у тэатры оперы і балета адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў традыцыйнага конкурсу «Мінчанін года», а затым — канцэрт артыстаў беларускай оперы.

Завершыцца субота музычна-піратэхнічным феерверк-шоу ў раёне Палаца спорту, якое пачнецца ў 22.00.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць сёння ва ўсіх раёнах горада, у тым ліку каля комплексу «Чыжоўка-Арэна», у Лошыцкім парку, парках імя Чалюскінцаў, Горкага, Паўлава, 60-годдзя Кастрычніка, каля Палаца чыгуначнікаў, на пляцоўцы ў «Лідо» ў раёне Камароўскага рынку, у парках «Перамога» і «Цівалі».

Увесь склад сталічнай міліцыі ў гэтыя дні пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы з кругласутачнай аховай. Месцы масавых мерапрыемстваў будуць агароджаныя, праход да іх будзе ажыццяўляцца праз кантрольна-прапускныя пункты. Туды нельга будзе праходзіць з веласіпедамі, жывёламі, забаронена праносіць прадметы, здольныя нанесці цялесныя пашкоджанні.

Грамадзянам рэкамендуецца мінімізаваць колькасць ручной паклажы, у тым ліку сумак вялікіх памераў. Каля Палаца спорту будуць устаноўлены камеры захоўвання, куды можна будзе здаць вялікую ручную паклажу, заплечнікі і сумкі. У ГУУС раяць прыходзіць на масавыя мерапрыемствы загадзя, за 20—30 хвілін да пачатку. Традыцыйна туды не прапусцяць грамадзян у стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення.

Уласнае свята з'явілася ў Мінска ў 1986 годзе — тады яно называлася «мастацка-спартыўнае свята» і адзначалася 3 ліпеня, у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года 3 ліпеня атрымала афіцыйны статус Дня Незалежнасці Беларусі, а Дзень горада сталі адзначаць у Мінску ў другія выхадныя верасня. У гэтым годзе свята горада ссунута на тыдзень раней з-за парламенцкіх выбараў, прызначаных на 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?