Працягваецца крымінальны працэс над Анатолем Грынкевічам, які 19 чэрвеня на роварнай дарожцы на вуліцы Прытыцкага ў Мінску ўдарыў бітай пешахода, 17-гадовага фатографа Васіля Дземідовіча. Падчас спрэчак пракурор заявіла, што віна Грынкевіча даказаная цалкам і папрасіла прысудзіць маладога чалавека да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Максімальная санкцыя па частцы 3 артыкула 339 (асабліва злоснае хуліганства), па якой судзяць веласіпедыста, — 10 гадоў турмы.

Пракурор заявіла, што ў абвінавачанага не было прычын парушаць закон і таму яго ўчынку няма апраўдання.

— Пешаход заявіў, што рухаўся па краі роварнай дарожкі. Таму абвінавачаны меў магчымасць аб'ехаць як па іншым краі, так і па зялёнай зоне. А ён вырашыў правучыць Дземідовіча. Ён як быццам бы рыхтаваўся да здзяйснення хуліганства, — сказала падчас спрэчак пракурор.

Дзяржаўны абвінаваўца часта спасылалася на паказанні сведкі Сяргея Тулача, які сёння распавёў, што яшчэ ў маі Анатоль Грынкевіч «вучыў яго ездзіць» на ровары. Канфлікт адбыўся на мінскім праспекце Машэрава.

Тым не менш, адвакат абвінавачанага папрасіў суд прызнаць паказанні Тулача няслушнымі і надуманымі, а спасылкі пракурора на яго словы — недапушчальнымі.

— Я шакаваны запытаным тэрмінам, — сказаў абаронца абвінавачанага.

Адвакат папрасіў прымяніць да свайго падабароннага толькі абмежаванне волі. Ён звярнуў увагу, што ў Грынкевіча на ўтрыманні знаходзіцца малалетняе дзіця (яно нарадзілася, калі раварыст знаходзіўся ў СІЗА), а таксама заклікаў прызнаць у якасці змякчальных абставінаў чыстасардэчнае раскаянне.

Пацярпелы Васіль Дземідовіч заявіў, што хоча, каб яго крыўдзіцеля пасадзілі.

— Калі яго не пасадзяць, ён і далей будзе рабіць тое ж з іншымі, што зрабіў са мной, — сказаў Васіль Дземідовіч.

Таксама суд разгледзіць грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды. Пацярпелы ацаніў свае пакуты ў 50 тысяч дэнамінаваных рублёў (каля 25 тысяч даляраў).

***

У канцы пасяджэння з апошнім словам выступіў і сам Анатоль Грынкевіч. Спачатку ён звярнуўся да пацярпелага.

- Мне шкада, што я не змог тады знайсці ў сабе сілы. Можа, праз некаторы час у вас знойдзецца крупінка жалю, каб у душы дараваць. Па-чалавечы прашу аб гэтым. Я вінаваты, і я цалкам гэта прызнаю. Уся сітуацыя не выходзіць у мяне з галавы. І мне таксама з гэтым жыць.

Звяртаючыся да суда, Анатоль Грынкевіч сказаў, што цалкам прызнае сваю віну і раскайваецца ў зробленым. Ён клятвенна паабяцаў, што такога больш не паўторыцца.

— Прашу зразумець мяне, увайсці ў маё сямейнае становішча і не пазбаўляць маё дзіця бацькі, а жонку - мужа. Гэта самае дарагое, што ў мяне ёсць. І я не за сябе хвалююся. А за тое, як яны будуць столькі часу без маёй маральнай і фінансавай падтрымкі. Сям'я атрымаецца расколатай. Прашу строга мяне не караць.

Прысуд Анатолю Грынкевіч будзе абвешчаны ў панядзелак, 12 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?