Лідар маладафронтаўцаў быў 8 верасня затрыманы на працы. У гэты самы дзень ля расійскага пасольства мусіла адбыцца акцыя да гадавіны Аршанскай бітвы. Праз 3,5 гадзіны Дашкевіча адпусцілі з міліцыі.

Зміцер Дашкевіч і Вольга Нікалайчык. Фота Аляксея Шэіна

Зміцер Дашкевіч і Вольга Нікалайчык. Фота Аляксея Шэіна

«Наша Ніва»: Што ўвогуле адбылося?

Зміцер Дашкевіч: Я недзе ў 16:30 выйшаў з працы ў падвал за тронкамі — гэта ў суседнім пад’ездзе. Звярнуў увагу, што побач сядзіць нейкі гэбіст. Яшчэ пашкадаваў, што не ўзяў з сабой тэлефон.

Гэты чалавек кінуўся да мяне, тыцнуў у твар «коркай». Кажа, паехалі для тлумачэнняў у РУУС. Я кажу, паслухайце, у мяне жонка, двое дзяцей, мне іх трэба папярэдзіць. А то тут можна на тры гадзіны з’ехаць, а можна і на тры гады.

Не, не паложана, адказвае ён. Ах так! Я тады проста так не дамся. Пачаў крычэць на ўвесь двор: «Дапамажыце!» Іх тады наляцела чалавек дзесяць, павалаклі. Усё гэта суседзі бачылі, чулі.

«НН»: Не білі?

ЗД: Троху мялі, канечне, але па-нашаму гэта не білі. Рукі троху заламалі, панеслі. Троху брутальна, канечне, але без асаблівага гвалту. Бывала, што ў аўтазаках малацілі, дык тут не, кінулі ў машыну і ўсё.

У РУУСе сказалі, што трэба даць тлумачэнні. Кажу, нішто сабе вы на размову запрашаеце. Дайце тлумачэнне, што вы рабілі ў Ветцы. Паслухайце, па-беларуску тут ніхто не размаўляе, я не даю тлумачэнняў.

Знайшлі мне падпалкоўніка, які на цудоўнай беларускай мове ўзяў у мяне тлумачэнні. Гутарылі яшчэ пра Крым, Пуціна. Ківаюць грывамі, але агрэсіўна свае погляды не выяўляюць. З нечым нават пагаджаюцца.

Пасля гадзіну-паўтара сядзеў і чакаў, калі паступіць загад вызваляць. У райаддзел прыязджаў Севярынец, Наста [жонка Змітра — «НН»], ім казалі, што мяне тут няма. Цяпер у Цэнтральным таксама адмаўляюць, што ёсць затрыманыя. А тут Вольга Нікалайчык выйшла з Цэнтральнага, Уладзь Яроменак, Сяргея Пальчэўскага не можам знайсці.

«НН»: Чаму сёння адбыліся затрыманні, іх жа даўно не было?

ЗД: Я гэта звязваю ў адзін ланцуг з падзеямі ў Ветцы, з расійскім сцягам на Паралімпійскіх гульнях. Абсалютна відавочна, што такая зачыстка — гэта адзін прагіб перад Масквой, каб далі крэдыт. Палохаюць Маскву, што інакш дадуць патрыётам зялёнае святло, дык не абярэцеся праблем.

Магчыма, гэта ўжо першыя ластаўкі развароту Беларусі ад лібералізацыі. У нас жа гісторыя апошніх гадоў спіральная, то ў лібералізацыю гуляемся, то заціскаюцца гайкі з балтамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?