Мікалай Улаховіч, палкоўнік у адстаўцы, называе сябе «народным генералам». Старшыня Беларускай патрыятычнай партыі і вярхоўны атаман РГА «Беларускае казацтва», былы кандыдат у прэзідэнты, дэпутат Палаты прадстаўнікоў распавёў пра рускі свет і беларускую мову.

«Да апошняга ніхто не ведаў, хто выйграе. Усе тры ідэалогіі змагаліся да канца: БНФ — нацыянальная ідэалогія, партыя Задняпранага — будаўніцтва рускага свету і наша — патрыятычная.

Хутка будуць вядомыя і іншыя сябры нашай партыі. Яны актыўныя маладыя людзі, не чыноўнікі і ні ў якім разе не казачкі.

Сапраўдных беларускіх казакоў вельмі мала ў партыі. Яны да партыйнай дзейнасці млява ставяцца.

Я супраць рускага свету. А навошта ён нам патрэбны? Мы можам і так з Расіяй сябраваць. Гэта палітызацыя нашага грамадства.

Мы не павінныя будаваць рускі свет, але павінныя ў міры жыць з Расіяй. Вядома, нам рускія бліжэйшыя, чым японцы. Але кіраўнік дзяржавы правільна кажа, што мы з Польшчай, з Літвой, з Латвіяй і Украінай павінныя сябраваць.

У нас ідуць нейкія спрэчкі. Вось мы за сцяг змагаемся. Што змагацца за той сцяг? Таму які сцяг? Гэта ж не ідэя! За беларускую мову — калі ласка. Хто перашкаджае размаўляць на беларускай мове? Я паважаю Трусава і Анісім за тое, што яны прапаведнікі беларускай мовы. Ну так, я ў тым узросце, калі мне ўжо позна перавучвацца з рускай на беларускую. Але дзеці мае, унукі павінныя яе ведаць.

Я за назапашвальную сістэму пенсіі. Калі ў чалавека вялікая зарплата і стаж, ён не павінен роўную пенсію з іншымі атрымліваць. Возьмем вайскоўцаў, хай на мяне крыўдзяцца. Раней было іншае жыццё. Цяпер ваенны чалавек — ён на тэрыторыі 300 км. У нас цяпер няма Паўночнага полюса, няма Савецкай гавані, дзе я быў, няма Салехарда і Далёкага Усходу. Таму вось такім катэгорыям работнікаў трэба перагледзець. Да кожнага асобнага выпадку трэба персанальна падыходзіць.

Алену Анісім я падтрымліваю на 90 адсоткаў.

Калі пачалася заваруха ва Украіне, я ніводнага казака не адправiў ні ў АТА, ні ў ДНР. Наадварот, адразу сказаў: як чалавек утрымаць цябе не магу, але ты парушыш закон. І пасля гэтага выходзіць закон аб удзеле ў баявых дзеяннях. І мы тут таксама прыклалі руку да грамадскай думкі.

Я б сказаў: купляйце беларускае, думайце па-беларуску, чытайце па-беларуску і вывучайце беларускую мову».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?