Незвычайны велапрабег адбудзецца ў горадзе 22 верасня, 14 верасня паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.

Распавядаючы пра праграму правядзення ў сталіцы Еўрапейскага тыдня мабільнасці з 16 па 22 верасня, ён згадаў пра маштабнае свята, якое разгорнецца на вуліцы Леніна ў апошні дзень мерапрыемстваў.

— 22 верасня рух на вуліцы Леніна будзе перакрывацца ўжо з 6:00 і, як мяркуецца, да 24:00. Тут будзе ўстаноўленая вялікая сцэна. Для правядзення работ па яе мантажы і дэмантажы спатрэбiцца шмат часу, — удакладніў Масляк.

Асноўныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы на вуліцы Леніна пачнуцца ў 16:00. На 18:00 запланаванае ўрачыстае адкрыццё свята пры ўдзеле гарадскіх уладаў.

— Будзе вельмі шмат цікавага, — запэўніў галоўны эколаг горада.

У канцэрце возьмуць удзел беларускія гурты. Акрамя таго, на святочнай пляцоўцы будзе арганізаванае экстрэмальнае трыял-шоу, у якім плануюць задзейнічаць юных аматараў ровараў. Сталічныя ратавальнікі прэзентуюць на свяце сваю машыну-пярэкрут: кожны ахвотны зможа адчуць, як гэта — апынуцца ў перавернутым транспартным сродку. У рамках свята на вуліцы Леніна маюць намер таксама арганізаваць пляцоўкі для варкаўту і танцаў.

— А ўвечары будзе дадзены старт незвычайнага велапрабегу — заезду ровараў з падсветкай. Ён пачнецца а 21:00. Маршрут пройдзе ад вуліцы Леніна да Нацыянальнай бібліятэкі, — падсумаваў Масляк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?